Журналіст Сяргей Навумчык пакідае Радыё "Свабода"
Сяргей Навумчык з сваім мопсам
Журналіст Сяргей Навумчык пакідае Радыё "Свабода" пасля 25 гадоў працы ў штаце рэдакцыі. Пра гэта ён паведаміў у сацсетках. Ён падкрэсліў, што дасягнуў мінімальнага пенсійнага ўзросту для грамадзян ЗША — 62 гады.
Навумчык падзякаваў калегам за тое, што дапамаглі яму вярнуцца ў журналістыку, і рэдакцыю РС — за магчымасць падрыхтаваць зборнікі публіцыстыкі Васіля Быкава, успаміны Івонкі Сурвілы, кнігі рэпартажаў пра Алеся Бяляцкага і Станіслава Шушкевіча, а таксама за магчымасць выдаваць уласныя кнігі.
Навумчык заявіў, што працягне займацца беларускай справай.
Гаворачы пра бліжэйшую палітычную перспектыву Беларусі, ён заявіў: "Як палітычны аналітык я не бачу роўна ніякіх фактараў, якія б давалі надзею на перамены ў Беларусі ў бліжэйшыя 10 гадоў, а то і болей. Але як чалавек, які прафесійна быў у палітыцы, я ведаю, што можа стварыцца такое спалучэнне ўласных высілкаў і знешніх абставінаў, калі сітуацыю можна кардынальна змяніць за тры дні, а нават і гадзіны. Проста заўсёды да гэтага трэба быць падрыхтаваным, і высілкі не спыняць. Гэтак, як мы, як БНФ рабіў у жніўні 1991-га. Таму не кіну тое, што ў пакаленнях беларусаў традыцыйна завецца "беларускай справай".
Сяргей Навумчык быў дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га склікання, уваходзіў у Апазіцыю БНФ. Увесну 1996 годзе разам з Зянонам Пазняком быў вымушаны пакінуць Беларусь.
Лукашэнкаўскі рэжым прызнаў акаўнты Навумчыка ў сацсетках "экстрэмісцкімі матэрыяламі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.