Журналіста АНТ Аляксея Міхальчанку выключылі з "чорнага спісу" ЕС
Генеральны суд ЕС ануляваў уключэнне беларускага журналіста ў спіс асобаў, якія падлягаюць абмежавальным мерам. Маўляў, яго праграма не ўплывовая.
На думку суда, як перадае neurope.eu, Еўрапейскі савет парушыў правы на абарону журналіста і памыліўся ў ацэнцы прычынаў, па якіх яго ўключылі ў спіс.
Аляксей Міхальчанка — журналіст на тэлеканале АНТ. У Чорны спіс ЕС ён трапіў на пачатку 2011 года з наступным абгрунтаваннем: "Журналіст дзяржаўнага тэлеканала АНТ з высокім і ўплывовым становішчам". У 2012 годзе Савет ЕС падтрымаў гэтыя меры, і абгрунтаваў наступным чынам: "Журналіст дзяржаўнага тэлеканала АНТ з уплывовай пазіцыяй. Ён з'яўляецца вядучым тэлепраграмы "Як ёсць, так ёсць". Гэтая праграма з'яўляецца інструментам дзяржаўнай прапаганды на ТБ, якая падтрымлівае і апраўдвае рэпрэсіі дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці". У абгрунтаванні гаварылася, што апазіцыя і грамадзянская супольнасць у праграме сістэматычна асвятляліся негатыўна і грэбліва. Адзначалася, што Міхальчанка быў асабліва актыўны ў гэтых адносінах пасля разгону мірнай дэманстрацыі 19 снежня 2010 года і наступных пратэстаў.
Генеральны суд падтрымаў хадайніцтва Міхальчанкі аб прызнанні гэтых запісаў несапраўднымі.
Суд палічыў, што ў 2012 годзе права на абарону Міхальчанкі было парушанае, калі памяняліся фармулёўкі. Таксама суд лічыць, што Савет памыліўся ў ацэнцы звестак у 2011 годзе. З аналізу дакументаў не відаць, што Міхальчанка з'яўляецца ўплывовым журналістам на высокай пасадзе ў структуры АНТ. Ён, маўляў, проста палітычны каментатар у навінах і вядоўца тэлепраграмы "Як ёсць, так ёсць". Савет ЕС не прывёў ніякіх доказаў, здольных прадэманстраваць уплыў, рэальнае ўздзеянне або адказнасць Міхальчанкі ў парушэнні міжнародных выбарчых стандартаў і рэпрэсіяў грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі.