Жыхар Віцебска знайшоў метэарыт (фота)
Жыхар Віцебска, былы ваенны лётчык Уладзімір Баравікоў знайшоў метэарыт. Ён мяркуе, што гэта быў вялікі касмічны аб’ект, які ўпаў на тэрыторыі паўночнай Беларусі больш за 10 тысяч гадоў таму. Яго фрагменты захаваліся да цяперашняга часу, дзякуючы ледавіку, які ў той час панаваў у Еўропе.
Як піша газета “СБ. Беларусь сегодня”, сляды падзення метэарыта Баравікоў знайшоў у Лёзненскім раёне ў 40 кіламетрах ад Віцебска. Практычна ідэальна круглая варонка (імаверны метэарытны кратэр) мае дыяметр каля 1 кіламетра, а глыбіню — каля 20 метраў. Даследчык уважліва агледзеў тэрыторыю і сабраў калекцыю артэфактаў, у тым ліку аплаўленых камянёў, якія лічыць аскепкамі метэарыта. Цяпер жыхар Віцебска спадзяецца, што яго знаходкамі зацікавяцца навукоўцы і правядуць лабараторныя даследаванні. Калі версія пра метэарыт пацвердзіцца, у Віцебскай вобласці можа з’явіцца новы турыстычны аб’ект.