Жыхары Беразіна — без вады, Віцебску — без цяпла. У Беларусі новыя здарэнні

Рамонтныя працы на месцы прарыву трубы ў Беразіне

Рамонтныя працы на месцы прарыву трубы ў Беразіне / berezino.by

Больш за сотню прыватных і пяць шматкватэрных дамоў надоечы засталіся без вады ў горадзе Беразіно Мінскай вобласці. На мясцовым вадаводзе здарылася аварыя, піша БЕЛТА са спасылкай на "Барысаўводаканал".

Учора днём у трубе ўпаў ціск. У выніку без вады засталося 110 жылых дамоў прыватнага сектара і пяць шматпавярховых. Да вечара колькасць пацярпелых дамоў скарацілася да 60 у прыватным сектары і аднаго шматкватэрнага дома. Працы на месцы працягваюцца. У раён арганізавалі падвоз вады.

Праблема з рамонтам заключаецца ў тым, што "пашкоджаны ўчастак знаходзіцца пад дарожным палатном, а глыбіня прамярзання грунту перавышае 30 см", кажа дырэктар УП "Барысаўводаканал" Уладзімір Караткевіч. Акрамя гэтага, сама труба цалкам зношаная — яе эксплуатуюць з 1968-га году. Ліквідаваць аварыю камунальнікі мяркуюць да 15:00 10 студзеня.

А ў Віцебску сёння без цяпла і гарачай вады засталося больш за 30 жылых дамоў у раёне вуліц Воінаў-Інтэрнацыяналістаў і Чкалава, а таксама праспекта Перамогі. Тут рамантуюць магістральную цеплатрасу. Напярэдадні ў трубаправодзе ўпаў ціск. У такой жа сітуацыі, нагадаем, апынуліся і жыхары Мінскай Малінаўкі. Ім таксама сёння адключылі гарачую ваду і ацяпленне — ліквідуюць няспраўнасць магістральнага цеплаправода.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі