Злодзеі распачалі сезон палявання на ровары

Веласезон толькі пачаўся, а ў Мінску ўжо неспакойна. За месяц у сталіцы скрадзена больш за 20 ровараў, і гэта толькі неафіцыйныя звесткі з форумаў сайту Onliner.by.

Дакладную статыстыку роварных крадзяжоў праваахоўныя органы не збіраюць. Але кіраўнік прэс-службы ГУЎС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі паведаміў Еўрарадыё, што літаральна сёння ў Мінску былі скрадзеныя 2 веласіпеды! Гэтая інфармацыя змяшчалася ў аператыўнай зводцы:

Аляксандр Ластоўскі: “Літаральна сёння стала вядома пра два крадзяжы ровараў з тамбураў кватэраў. Нашыя грамадзяне забываюцца зачыняць дзверы, ці замкі ставяць нетрывалыя. А на тое, каб скрасці ровар, злодзею трэба 30 секунд... Максімум — 1 хвіліна”.

Цалкам магчыма, што двайны крадзеж ровараў — выпадковае супадзенне. Але той, хто будзе спадзявацца на гэта, — ці наіўны, ці багаты, ці папросту не любіць свой ровар. Бо “велікі” ў неасцярожных (і нават у асцярожных) раварыстаў крадуць не першы год, працягвае Аляксандр Ластоўскі:

Аляксандр Ластоўскі: “Праблема крадзяжу ровараў з мінулага сезону нікуды не знікла. Вядома, праваахоўныя органы імкнуцца ўплываць на гэтую сітуацыю... Напрыклад, летась быў затрыманы серыйны злодзей, які спецыялізаваўся на дарагіх горных роварах. На яго рахунку было некалькі дзясяткаў эпізодаў”.

Еўрарадыё расказвала пра гэтага вынаходлівага ўгоншчыка, які незаўважна нават для камераў відэаназірання за лічаныя секунды перакусваў роварныя замкі. Паводле складзенай мапы мінулагодніх крадзяжоў, найбольш небяспечныя месцы сталіцы — гэта паркоўка каля крамы "Рыга", будынкі БНТУ, тэлеканалаў БТ, АНТ і СТБ.


29 студзеня 2010 года злодзей атрымаў прысуд: 5 год строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і пакрыццём матэрыяльнай і маральнай шкоды. Але Яўген, чый ровар скралі 22 верасня ад Мінскага палаца дзяцей і моладзі, ніякай кампенсацыі дагэтуль не атрымаў:

Яўген: “Пакуль што ніякай кампенсацыі не атрымаў. Толькі паперку пра тое, што па справе распачатая вытворчасць. І ўсё”.

Нягледзячы ні на што, Яўген не здрадзіў роварам і зараз ездзіць на Giant’е. А вось з “сістэмай бяспекі” з часоў крадзяжу нічога не змянілася: ён па-ранейшаму карыстаецца звыклым “тросікам”:

Яўген: “Замкоў іншага тыпу ў нас не прадаецца. Увогуле яны ёсць: не трос, а так званы ялок. Гэта сталёвы стрыжань у форме літары “U”. У нас яны толькі ў адной краме ёсць, але за неадэкватныя грошы. Натуральна, іх таксама можна перакусіць. Усе роварныя замкі перакусваюцца... Хіба што звычайных кусачак на такі замок ужо не хопіць, трэба будзе больш моцныя”.

Нягледзячы ні на што, раварыстаў у беларускіх гарадах з кожным годам робіцца ўсё больш. Сёлета ДАІ нават прапанавала энтузіястам з іх ліку распрацаваць канцэпцыю роварнага руху ў Мінску. Праўда, праца па яе стварэнні ідзе павольна.

Злодзеяў колькасць ровараў на мінскіх вуліцах цешыць. Таму нагадаем колькі парадаў, якія дапамогуць вам засцерагчы ваш ровар ад крадзяжу:

1. Не пакідайце ровар у месцах, дзе або шмат людзей, або іх няма зусім — каля вакзалаў і кірмашоў;

2. Правярайце стойку, да якой вы прыкоўваеце ровар, — каб яна была надзейна замацаваная;

3. Самая надзейная сістэма бяспекі — калі немагчыма адлучыць колы ад рамы і ад аб'екта на зямлі;

4. Добрыя замкі — тыя, якія не дазваляюць пракруціць колы. Але яны патрэбныя, калі вы пакідаеце ровар на кароткі час;

5. Самыя надзейны замкі — гэта сталёвы стрыжань у форме літары "U". Яны дужыя і могуць вытрымліваць моц у некалькі тон, а каб спілаваць яго, трэба больш часу;

6. Лепш за ўсё выкарыстоўваць некалькі тыпаў замкоў: кабельны замок, каб прышпіліць абодва колы да рамы і аб'екта на зямлі, блакіратары колаў і U-падобны замок са сталёвага стрыжня. Некалькі замкоў больш складана узламаць, чым адзін;

7. Лепш пакідаць ровар на ахоўваемай стаянцы;

8. Калі ровар таго каштуе, можна ўсталяваць на яго аўтамабільную сігналізацыю са спадарожнікавай сувяззю;

9. Можна забіраць усе магчымыя дэталі і аксесуары: помпы, вела-кампутары, званкі і т.п. Усё, што лёгка зняць;

10. Запішыце сабе нумар рамы;

11. Ну, і не варта надоўга пакідаць свой ровар на вуліцы — напрыклад, на ноч.

Фота: Mixnews.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі