ЗША хочуць вярнуць у Беларусь ваенных аташэ і наладзіць ваеннае супрацоўніцтва
Міністэрства абароны ЗША хоча вярнуць у Беларусь ваенных аташэ і наладзіць ваеннае супрацоўніцтва. Абмеркаваць гэтыя пытанні ў нашу краіну прыехаў намеснік памочніка амерыканскага Мінабароны Майкл Карпентар. Яго візіт пачаўся з сустрэчы з міністрам абароны Беларусі. Па словах Карпентара, яны абмяркоўвалі пытанні рэгіянальнай бяспекі, пашырэння двухбаковага супрацоўніцтва і магчымую акрэдытацыю ваенных аташэ пры амбасадах. “Сустрэчы былі вельмі канструктыўныя і прадуктыўныя”. Але да чаго дакладна дамовіліся, прадстаўнік Мінабароны ЗША не кажа. У прынцыпе, чакана, бо толькі 30 сакавіка Майкл Карпентар сустрэнецца з кіраўніком Беларусі, які, як вядома, і вырашае ўсе пытанні такога ўзроўню.
“Сёння вельмі важна весці дыялог. І хаця ў нас няма канкрэтных прапаноў і чаканняў, што будзе абмяркоўвацца на гэтай сустрэчы, але мы мяркуем, што могуць абмяркоўвацца пытанні еўрапейскай бяспекі, рэгіянальнай бяспекі, канфлікт ва Украіне. Верагодна, будзе абмяркоўвацца сітуацыя ў Сірыі з улікам таго, які ўплыў на еўрапейскую бяспеку аказваюць масавая міграцыі і іншыя ўздзеянні. Будзе ўзнятае пытанне наконт большай празрыстасці ў пытаннях ваеннай дзейнасці і акрэдытацыі ваенных аташэ”, — кажа Майкл Карпентар.
І запэўнівае: пагрозы для Беларусі з боку NATO сёння не існуе. “Тыя дзеянні, якія робіць NATO, носяць абарончы і прапарцыянальны характар у дачыненні да агрэсіўных дзеянняў Расіі, якія яна прадпрымае ў рэгіёне”, — запэўнівае журналістаў прадстаўнік Мінабароны ЗША.
Майкл Карпентар дадае, што размяшчаць на сваёй тэрыторыі расійскую ваенную авіябазу ці не — справа суверэннай Беларусі. Разам з тым ён папярэджвае, што калі такая база з’явіцца, то гэта будзе разглядацца ЗША і іх саюзнікамі як “дэстабілізуючае і не неабходнае мерапрыемства”.
Майкл Карпентар: “Апошнія два гады ў нас выклікаюць заклапочанасць агрэсіўныя паводзіны Расіі ва ўкраінскім канфлікце, пачынаючы з анексіі Крыма. Нам вядома, што расійскія спецыялісты праводзілі падрыхтоўку сепаратыстаў на Данбасе і нам вядома пра размяшчэнне ўзбраення і вайсковых фармаванняў у гэтым рэгіёне. І таму мы віталі “Мінскія пагадненні” ад верасня 2014 года і лютага 2015 года, якія павінны былі прывесці да ўрэгулявання канфлікту. Але гэтага не адбылося. ЗША моцна ўцягнутыя ў абмеркаванне па дыпламатычных каналах шляхоў урэгулявання сітуацыі ва Украіне. Прэзідэнт Абама абмяркоўваў гэтыя пытанні з прэзідэнтам Расіі, канцлерам ФРГ, прэзідэнтамі Францыі і Украіны. Так што, мы працягваем граць важную ролю ў працэсе перамоў, хоць ЗША і не з’яўляецца ўдзельнікам Нармандскага фармату”.
Разам з тым Вашынгтон хоча наладзіць працэс двухбаковых перамоў з афіцыйным Мінскам у тым ліку, каб абмяркоўваць з Беларуссю сітуацыю ў нашым рэгіёне.
Што да вяртання ваенных аташэ ў амерыканскую амбасаду, то гэта Часовы Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд у будучым можна паўплываць на далейшую нармалізацыю працы амбасады ЗША. Да прыкладу, на тое, каб візы амерыканскія зноў выдавала амбасада ў Мінску.
“Калі нам удасца вырашыць пытанне ваенных аташэ, то гэта адаб’ецца на вырашэнні пытання штату амбасады ўвогуле. Як вядома, зараз мы не можам аказваць увесь спектр візавых паслуг з-за таго, што ў нас няма дастатковай колькасці амерыканскіх супрацоўнікаў”.
Па словах дыпламата, пытанне наконт вяртання амбасадара ЗША ў Беларусь, як і беларускага ў ЗША, пакуль не ўздымалася і не абмяркоўвалася афіцыйна.
Фота http://belarusian.minsk.usembassy.gov/