ЗША маюць намер вывесці войскі з Афганістана да 11 верасня
Джо Байдэн / Reuters
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн абвясціў, што амерыканскія войскі будуць выведзеныя з Афганістана да 11 верасня. 1 траўня пачнецца вывад войскаў, заявіў Байдэн. У сераду ён выступіў у Белым доме з прамовай, прысвечанай палітыцы ЗША ў рэгіёне.
Прэзідэнт адзначыў, што прысутнасць амерыканскіх вайскоўцаў у Афганістане не дапаможа стварыць ўстойлівы ўрад у гэтай краіне. У гэтай сувязі Байдэн узгадаў аб сваёй паездцы ў Афганістан больш за 10 гадоў таму.
"Тое, што я ўбачыў падчас гэтай паездкі, умацавала маю перакананасць у тым, што толькі народ Афганістана мае права і абавязак кіраваць сваёй краінай, а павелічэнне і бясконцыя амерыканскія ВС не могуць ні стварыць, ні падтрымліваць ўстойлівы афганскі ўрад", цытуе прэзідэнта ЗША агенцтва ТАСС.
На ягоную думку, галоўная мэта амерыканскай місіі ЗША ў Афганістане дасягнутая — лідар "Аль-Каіды" Усама бен Ладэн знішчаны, і краіна больш не ўспрымаецца як база тэрарыстаў, якія рыхтуюць напад на ЗША.
Шэраг памочнікаў Байдэна былі супраць такога кроку, перадае СNN. Крыніцы тэлеканала паведамляюць, што некаторыя супрацоўнікі адміністрацыі "выказвалі асцярогі з нагоды таго, як поўны вывад войскаў адаб'ецца на контртэрарыстычнай місіі ЗША". Супраць такога рашэння, па дадзеных тэлеканала, былі, у прыватнасці, старшыня Камітэта начальнікаў штабоў узброеных сіл ЗША генерал Марк Мілі, кіраўнік Цэнтральнага камандавання (СЕНТКОМ) Узброеных Сіл ЗША генерал Кэнэт Фрэнклін Макензі, а таксама шэраг супрацоўнікаў Дзярждэпартамента.
Варта таксама адзначыць, што дата сыходу амэрыканскіх войскаў з Афганістана супадзе з 20-й гадавінай нападаў на Сусветны гандлёвы цэнтр у Нью-Ёрку і Пентагон. Гэта было 11 верасня 2001 года. Менавіта пасля гэтых нападаў ЗША і іншыя краіны NATO пачалі аперацыю ў Афганістане і дамагліся адхілення ад улады радыкальнага ісламісцкага руху "Талібан".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.