ЗША могуць аднавіць санкцыі супраць " Паўночнага патоку-2"

Расія разлічвае дабудаваць "Паўночны паток-2" да канца 2021 года​ / Reuters
Расія разлічвае дабудаваць "Паўночны паток-2" да канца 2021 года​ / Reuters

Амерыканскія санкцыі супраць расійскага трубаправода "Паўночны паток - 2" могуць быць адноўленыя. Напярэдадні Камітэт па асігнаваннях Палаты прадстаўнікоў ЗША ўхваліў папраўку, якая павінна ануляваць рашэнне амерыканскай адміністрацыі аб адмове ад санкцый.

Абмежаванні былі ўведзеныя ў траўні. І практычна адразу прыпыненыя. Санкцыі тычыліся судоў і кампаній, якія ўдзельнічалі ў будаўніцтве трубаправода. Гэтае рашэнне тады ў адміністрацыі Джо Байдэна патлумачылі "нацыянальнымі інтарэсамі". Акрамя таго, у Белым доме казалі, на гэтым этапе абмежаванні "контрпрадуктыўныя", паколькі газаправод ужо практычна дабудаваны.

Прынятая папраўка "анулюе рашэнне аб адмове ад санкцый у дачыненні да "Паўночнага патоку - 2" у 2022 фінансавым годзе", — заявіла аўтар ініцыятывы Марсі Каптур, дэмакрат ад штата Агаё.

Папраўка занесеная ў законапраект аб выдатках, звязаных з замежнай дзейнасцю адміністрацыі ЗША.

За аднаўленне санкцый аднагалосна прагаласавалі ўсе сябры камітэта. Цяпер папраўку яшчэ павінны разгледзець на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў, а таксама ў Сенаце. Пасля чаго яна паступіць на подпіс прэзідэнту.

"Паўночны паток - 2" прадугледжвае будаўніцтва двух нітак трубаправода па дне Балтыйскага мора ад Расіі да Германіі. У снежні 2019 года працы па будаўніцтве былі прыпыненыя — швейцарская кампанія Allseas адмовілася ўкладваць трубы з асцярогі апынуцца пад санкцыямі ЗША. Праз год у канцы 2020-га будаўніцтва газаправода аднавілася.

У чэрвені віцэ-прэм'ер Расіі Аляксандр Новак казаў, што "Паўночны паток-2" будзе цалкам гатовы да канца 2021 года. Пасля ўводу ў эксплуатацыю гэтага газаправода Расія можа адмовіцца ад транзіту газу праз Украіну і Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі