ЗША не адмаўляюцца ад патрабавання аб рэабілітацыі былых беларускіх палітвязняў

ЗША не адмаўляюцца ад патрабавання аб рэабілітацыі былых беларускіх палітвязняў

ЗША не адмаўляюцца ад патрабавання аб рэабілітацыі былых беларускіх палітвязняў. Пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека прывядзе да аднаўлення дзеяння санкцый ЗША ў дачыненні да Беларусі. Пра гэта падчас сустрэчы з журналістамі паведамілі прадстаўнікі Дзярждэпартаменту ЗША — намеснік памочніка дзяржсакратара па пытаннях Еўропы і Еўразіі Брыджэт Брынк і намеснік памочніка дзяржсакратара па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Роберт Бяршынскі.

“Беларускія ўлады зрабілі вельмі пазітыўны крок, вызваліўшы ў жніўні гэтага года 6 палітычных зняволеных. У адказ на гэтую меру ЗША таксама адказалі пазітыўным крокам (прыпыненне дзейнасці санкцый супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў — Еўрарадыё), але наша стаўленне не змянілася і мы будзем працягваць настойваць на поўнай рэабілітацыі палітычных зняволеных у іх правах”, — адказваючы на пытанне Еўрарадыё заявіў Роберт Бяршынскі.

Па яго словах, ЗША гатовыя да далейшых крокаў у паляпшэнні адносінаў з Беларуссю, але калі сітуацыя з правамі чалавека і дэмакратыяй у нашай краіне будзе пагаршацца, то “заўжды застаецца магчымасць адыграць прынятае рашэнне і ўвесці санкцыі ў поўную сілу”.

Як дадае Брыджэт Брынк, рашэнне аб прыпыненні дзейнасці санкцый ЗША прымалі ў каардынацыі з Еўрасаюзам. Рашэнне гэтае арыентаванае на будучае і скіраванае на падтрымку беларускай эканомікі.

Нагадаем, эканамічныя санкцыі ЗША былі ўведзеныя пасля выбараў 2006 года і закранулі такія беларускія прадпрыемствы, як “Беларусьнафта”, “Белнафтахім” і яе філіял у ЗША Belneftekhim USA, “Гродна-Азот”, “Гродна-Хімвалакно”, ААТ “Нафтан” і “Полацк-Шкловалакно”. Адзначым, што прыпыненнем дзеяння санкцый прадпрыемствам дазволеныя толькі пэўныя трансакцыі, але ўласнасць кампаній застаецца заблакаванай. Цалкам санкцыі могуць быць знятыя 30 красавіка 2016 года.

Фота прадастаўленае амбасадай ЗША ў Мінску.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі