ЗША расказалі, калі адменяць санкцыі супраць Расіі
Апошні раўнд санкцый супраць Расі будзе адменены, калі Масква будзе выконваць мінскія пагадненні па спыненні агню ва Украіне.
Пра гэта, як інфармуе lenta.ru, заявіла прадстаўніца амерыканскага Дзярждэпартамэнту Мары Харф: "Мы павінны паглядзець, ці будзе рэалізаванае мінскае пагадненне і 12 крокаў, апісаных у пагадненні па спыненні агню". Паводле яе словаў, дзеянні Масквы па павышэнні напружанасці ва Украіне прывядуць да новых санкцый.
Нагадаем, што 12 верасня ЗША і Еўрасаюз увялі чарговыя санкцыі супраць Расіі. Пад абмежаванні трапілі нафтавы, абаронны і банкаўскі сектары расійскай эканомікі.
Масква паабяцала адэкватна адказаць на гэтыя дзеянні. Кіраўнік Мінэканамразвіцця Расіі Аляксей Улюкаеў дапусціў магчымасць увядзення абмежаванняў на імпарт прадукцыі нафтахіміі і машынабудавання з гэтых краін.
Фота — AFP