Зяленскі не прыняў адстаўку прэм'ера Ганчарука
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі не прыняў адстаўку прэм'ер-міністра Аляксея Ганчарука. 17 студзеня кіраўнік урада падаў заяву пасля скандала з аўдыёзапісам яго нарады, які з'явіўся ў інтэрнэце. Цікава, што Ганчарук напісаў заяву не ў Вярхоўную Раду, якая прымае рашэнне наконт прызначэння/звальнення прэм'ера, а прэзідэнту. І, як аказалася, не памыліўся. Увечары ў пятніцу пасля сустрэчы з прэм'ер-міністрам украінскі прэзідэнт вырашыў даць яшчэ адзін шанец Аляксею Ганчаруку і яго ўраду, які назваў "маладым".
"Я падумаў, і мне здаецца, што так будзе правільна... калі вы вырашыце некаторыя моманты, якія сёння вельмі важныя і вельмі хвалююць наша грамадства", — сказаў Зяленскі Ганчаруку. Ён меў на ўвазе скандал з вялізнымі заробкамі топ-чыноўнікаў, неабходнасць замены некаторых міністраў, наладжванне дыялогу ўрада і парламента.
Аляксей Ганчарук паабяцаў даць справаздачу да 4 лютага.
Таксама сёння Зяленскі даў два тыдні, каб высветліць, хто праслухоўваў Ганчарука. СБУ распачало крымінальную справу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.