Зяленскі: слова "HIMARS" стала амаль сінонімам слова "справядлівасць"
2 жніўня ў сваім чарговым відэазвароце прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі гаварыў пра неабходнасць прызнання Расіі "дзяржавай-тэрарыстам", пра пастаўкі на экспарт украінскага збожжа і пра заходнюю зброю.
"Слова "HIMARS" стала для нашай краіны амаль сінонімам слова "справядлівасць", і ўкраінскія абаронцы зробяць усё для таго, каб акупанты кожны тыдзень адчувалі ўсё больш балючыя страты дзякуючы гэтым вельмі эфектыўным сістэмам, — кажа Зяленскі. — Так, сапраўды, мы яшчэ не можам цалкам зламаць перавагу расійскай арміі ў артылерыі і ў жывой сіле, і гэта вельмі адчуваецца ў баях, асабліва на Данбасе — Пяскі, Аўдзееўка, іншыя кірункі. Там проста пекла. Гэтага нават не апісаць словамі... І кожны ўкраінец павінен быць заўсёды ўдзячны нашым воінам, якія абараняюць ўкраінскія пазіцыі там нягледзячы на адчувальную агнявую перавагу тэрарыстаў. Але кожны дзень нашы дыпламаты і ўсе астатнія прадстаўнікі нашай дзяржавы робяць усё магчымае і немагчымае, каб атрымаць для Украіны тую зброю, якая ў канчатковым выніку дапаможа спыніць гэтую арду, і каб пераканаць усіх, хто яшчэ сумняваецца ў пастаўках".
HIMARS — гэта амерыканскія рэактыўныя сістэмы залпавага агню, якія з'явіліся ва ўкраінскага войска ў чэрвені і ўжо даказалі сваю эфектыўнасць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.