Каб пакінуць каментар на сайце, давядзецца "засвяціць" свой нумар тэлефону
Праект урадавай пастановы "Аб зацверджанні Палажэння аб парадку папярэдняй ідэнтыфікацыі карыстальнікаў інтэрнэт-рэсурса" вынесены на грамадскае абмеркаванне на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь. Яно працягнецца да 14 верасня. З дакумента, распрацаванага Міністэрствам інфармацыі, вынікае, што ў працэсе папярэдняй ідэнтыфікацыі мусіць быць устаноўлены абаненцкі нумар (тэлефон) карыстальніка. Уладальнік інтэрнэт-рэсурса будзе мець права "збіраць, апрацоўваць, захоўваць і прадастаўляць" персанальныя дадзеныя (у тым ліку імя і прозвішча, дату і месца нараджэння), адрас электроннай пошты, звесткі пра дату і час размяшчэння матэрыялаў (каментароў). Калі ж будзе выяўлена, што персанальныя дадзеныя несапраўдныя, інтэрнэт-рэсурс прыпыніць аказанне паслуг карыстальніку. Калі ж сам карыстальнік скасуе пагадненне з інтэрнэт-рэсурсам, то ўладальнік апошняга паўгода будзе захоўваць звесткі пра яго.
Паводле дакумента, уладальнік інтэрнэт-рэсурса прадастаўляе інфармацыю "па патрабаванні органаў, якія здзяйсняюць аператыўна-вышуковую дзейнасць, органаў пракуратуры і папярэдняга следства, органаў Камітэта дзяржаўнага кантроля, Міністэрства інфармацыі, падатковых органаў, судоў у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь".
Як вядома, змены ў законе "Аб СМІ" пачнуць дзейнічаць з 1 снежня 2018-га (Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі ўхвалілі іх у чэрвені). Ад таго часу каментаваць матэрыялы на сайтах у інтэрнэце можна будзе толькі пасля праходжання ідэнтыфікацыі.