"10 гадоў таму па цэнтры занятасці за руку вадзілі, цяпер — чарга"
У цэнтрах занятасці чэргі з 15 чалавек, сюды ідуць рэгістравацца з пачатку года.
Дэкрэт "аб дармаедах" зачапіў беспрацоўных. Каб не плаціць падатак у 3,6 мільёна (20 базавых) ідуць у цэнтры занятасці станавіцца на ўлік. Тады падатак плаціць не трэба.
У агульным аддзеле занятасці для Цэнтральнага, Першамайскага і Савецкага раёнаў Мінска зранку чарга з 15 чалавек. Рэгіструюцца беспрацоўнымі. Яшчэ чалавек 7 гартаюць вакансіі на камп'ютарах.
"10 гадоў таму мяне па цэнтры занятасці за руку вадзілі, як уласны псіхолаг. А цяпер — чарга, — расчаравана кажа малады мужчына гадоў 30, за якім займаю чаргу. — Я вучуся цяпер, другая адукацыя. Але трэба стаць на ўлік, бо тут гэты Дэкрэт".
Апошні раз па працу ў цэнтр занятасці ён прыходзіў яшчэ студэнтам.
Поруч з ім у чарзе жанчына пенсійнага ўзросту. Глядзіць працу адразу і сабе, і ўнучцы.
"Яна глядзела раней па сайтах, але цяпер там мала вакансій", — дзеліцца навінамі жанчына.
Кліенты Цэнтра занятасці збольшага — змрочныя мужчыны за 40 гадоў, зрэдку трапляюцца і маладыя. Усе нешматслоўныя, засяроджаныя.
Каб трапіць на рэгістрацыю, у чарзе трэба праседзець гадзіну. Але такі наплыў пачаўся не пасля падпісання Дэкрэта:
"Ідуць з Новага года", — каротка адказваюць у адміністрацыі Цэнтра.
Чарга на камп'ютар з вакансіямі — 15 хвілін. Прапановы ёсць. Але незразумела, чаму муляр за 2,7 мільёна мусіць ведаць замежную мову. Для грузчыкаў знаходзім адразу 15 вакансій. Прапануюць да 6 мільёнаў. Шмат трэба тынкоўшчыкаў і маляроў.
"Вы не глядзіце, што там мала прапануюць, там большасць заробку — на рукі", — вучыць мяне бывалы беспрацоўны, які шукае працу за суседнім камп'ютарам.
Шмат трэба і настаўнікаў з выхавацелямі садкоў. Праўда, прапануюць максімум 4 мільёны. Нават Белтэлерадыёкампанія шукае адразу некалькіх карэспандэнтаў.
З пачатку года ідуць і ў Фрунзенскі аддзел занятасці Мінска. Але пра шалёны попыт на ўсе спецыяльнасці тут сказаць не могуць.
У Клічаўскім раённым аддзеле занятасці 44 беспрацоўныя на 64 вакансіі. Тым не менш уладкавацца не могуць многія:
"Ці беспрацоўныя з вёскі, а вакансіі ў горадзе, ці няма спецыяльнасці, а яна патрэбная на працы. Але я не сказала б, каб шмат звярталіся. Можа, не да ўсіх дайшло".
Пружанскі цэнтр занятасці мае вакансіі толькі па спецыяльнасцях, а прыходзяць сюды без спецыяльнай адукацыі, і прапанаваць ім няма чаго. У пачатку года на ўліку стаяла толькі 120 беспрацоўных, цяпер — 200.
Агульнарэспубліканскі банк вакансій на сайце Мінпрацы 6 красавіка выдае 12788 вакансій і больш за 25 тысяч працоўных месцаў.
Хто лічыцца дармаедам, а хто — не (дапоўнена)
Фота: mintrud.saratov.gov