"109 чалавек сказалі — хочам": шукаюць нянь для дзяцей з інваліднасцю
На шпацыры / fontanka.ru
"Схадзіць у кіно, цырульню ці краму, проста паспаць — нармальныя жаданні кожнага чалавека. Ад бацькоў дзяцей з інваліднасцю, а іх у Беларусі каля 35 тысяч, мы даведаліся, што ёсць попыт на нянь, якія маглі б ім дапамагаць", — расказвае Еўрарадыё мінчанка Любоў Рошчына.
У лютым мінулага года дзяўчына адкрыла мінскае аддзяленне дабрачыннага фонду з Расіі "Клуб дабракоў". Ён аб'яднаў валанцёраў, якія дапамагаюць рабіць жыццё дзяцей з інваліднасцю крышачку шчаслівейшым.
У пачатку 2021-га каманда вырашыла паўдзельнічаць у конкурсе Social Weekend і прадставіла на ім свой праект Nanny time.
Любоў марыць знайсці і навучыць нянь, якія будуць дапамагаць бацькам даглядаць іх асаблівых дзяцей. Стваральнікі праекта хочуць, каб у такіх сем'яў была магчымасць запрасіць няню бясплатна або за мінімальную плату.
Люба — валанцёр з дзяцінства
— Я валанцёру ўжо даўно, з 2010 года. Калі бачу, што магу камусьці дапамагчы, то не чакаю, пакуль мне скажуць, што рабіць, а бяру і раблю. Мінскае валанцёрскае аддзяленне расійскага фонду "Клуб дабракоў" я арганізавала, таму што мне спадабалася яго філасофія. Яна не пра тое, што мы аддаём апошні кубак кавы і здымаем апошнюю кашулю, каб кагосьці выратаваць, а пра тое, што дапамога можа прыносіць задавальненне.
Спачатку мы проста разам з кандытарамі рабілі торцікі для дзяцей з інваліднасцю. Паступова клуб пачаў абрастаць валанцёрамі — так у нас з'явіліся новыя ідэі праектаў і людзі, якія хацелі іх рэалізоўваць. Цяпер дапамагаем бацькам асаблівых дзяцей па іх пытаннях, аказваем ім нематэрыяльную дапамогу.
Каласальны попыт на нянь
— У Беларусі проста каласальны попыт на нянь, якія маглі б працаваць з дзецьмі з інваліднасцю. Пакуль кампетэнтных спецыялістаў вельмі мала і знайсці іх вельмі цяжка. У грамадстве існуе стыгма, маўляў, усё гэта цяжка, страшна, дзеці з інваліднасцю — непаўнавартасныя людзі. Я бачу, што ёсць пэўны бар'ер, калі чалавек не можа пераступіць цераз псіхалагічную планку і ўявіць сябе, які працуе ў такой сферы. Да таго ж не вельмі проста атрымаць для гэтага навыкі.
У паліятыўным цэнтры ў Бараўлянах ёсць работнікі, якія навучаюць адно аднаго догляду асаблівых дзетак. Так з'яўляюцца кампетэнтныя спецыялісты, але іх не вельмі шмат. Самастойна атрымліваць навыкі таксама няпроста. Мы хочам дапамагчы вырашыць гэтую праблему.
Маючы зносіны з бацькамі, я бачу, што спецыяльная медыцынская адукацыя неабходная толькі ў пэўных выпадках. Самі бацькі не былі гатовыя да таго, што будуць выхоўваць дзіця з інваліднасцю, але навучыліся даглядаць яго. Атрымліваецца, што гэтаму могуць навучыцца ўсе, у каго ёсць жаданне.
Для нянь дзеці — гэта не пацыенты. Асаблівыя дзеткі — зусім звычайныя, з такімі самымі жаданнямі, як і ў іншых дзяцей. Ім трэба ўвага і клопат.
Даведаўшыся пра стан здароўя дзіцяці, няні тут жа адмаўляюцца
— Перш чым пачынаць працаваць над праектам, мы праводзілі аналіз рынку паслуг. У асноўным у Беларусі працуюць звычайныя няні. Некаторыя могуць паставіць побач з прозвішчам сцяжок, што гатовыя працаваць з дзецьмі з інваліднасцю.
Атрымліваючы зваротную сувязь ад бацькоў, мы чуем, што часта, даведаўшыся падрабязнасці пра здароўе малога, няні без тлумачэння прычын адмаўляюцца прыходзіць. Гэта вельмі цяжка і для саміх бацькоў, якім часам даводзіцца жыць не адыходзячы ад сваіх дзяцей ні на крок. Вось таму нам бы і хацелася стварыць базу нянь, да якіх можна будзе звяртацца і яны ніколі не адмовяць.
У Расіі такія няні ёсць, але ім плацяць па 5-6 долараў за гадзіну. Тыя бацькі, у якіх ёсць матэрыяльныя праблемы, звязваюцца з фондамі. Правёўшы апытанне, мы даведаліся, што паслугі нашых нянь каштуюць каля 3 долараў за гадзіну, большасць бацькоў кажуць, што не могуць плаціць больш за 3 рублі.
Каб закрыць гэты зазор, мы спрабуем знайсці альтэрнатыву, але пакуль, акрамя краўдфандынгу, варыянтаў няма.
Дзяржаўнай дапамогі не стае
— У Беларусі ёсць сацыяльныя няні, і ў некаторых выпадках сем'і маюць права карыстацца іх паслугамі. Ёсць праблема: сацыяльная няня не можа заставацца з дзіцем сам-насам без прысутнасці бацькоў.
Яна можа прыйсці, дапамагчы па гаспадарцы, дапамагчы памыць дзіця, зрабіць з ім гімнастыку, дапамагчы вынесці інвалідную каляску і схадзіць разам з дзіцем і яго бацькамі на шпацыр.
Калі мы праводзілі апытанне, некаторыя бацькі казалі, што гэтага досыць. Іншыя тлумачылі, што не, таму што ў той час, калі няні дома, яны ўсё роўна не могуць нікуды адлучыцца.
У дадатак на нянь існуюць чэргі і працуюць яны строга па графіку, прыходзячы на гадзіну-дзве ў пэўны дзень. Але што рабіць, калі ў сям'і расце яшчэ адно дзіця і яго трэба тэрмінова звадзіць да лекара?
Хто дапаможа ў экстранных сітуацыях, не кажучы пра тое, што ўсім бацькам такіх дзяцей патрэбны адпачынак і ім не чужыя звычайныя чалавечыя радасці.
Атрымліваецца, што адзіная альтэрнатыва — гэта платная няня, і не факт, што яна яшчэ пагодзіцца да вас прыйсці.
Як выратаваць бацькоў ад выгарання
— Цяпер мы запісваем відеэаўрокі, каб навучыць нашых будучых нянь. Тэарэтычная частка навучання праходзіць анлайн. На некалькі практычных заняткаў трэба будзе прыехаць.
На конкурсе Social Weekend мы заваявалі Гран-пры, але галоўнае — знайшлі крутых партнёраў, якія сёння бязвыплатна дапамагаюць са здымкамі.
Спецыялісты з паліятыўнага цэнтра ў Бараўлянах трымаюць руку на пульсе: калі мы навучым нашых нянь, яны правядуць у іх экзамен і атэстуюць.
Ад бацькоў мы атрымалі 109 заявак, гэта значыць 109 чалавек сказалі — хочам нянь. Цяпер засталося іх знайсці. На жаль, працэс прайшоў павольна: на заняткі запісалася толькі 15 чалавек.
Мы хочам, каб сітуацыя змянілася, — спадзяюся, што пра праект даведаецца як мага больш людзей і мы зможам дапамагчы ім справіцца з іх нерашучасцю і страхамі.
Калі няні будуць гатовыя, мы звяжам іх з бацькамі. Пакуль пра манетызацыю гаворкі не ідзе. Галоўная задача для пачатку — насыціць рынак паслуг кампетэнтнымі ў галіне догляду дзяцей спецыялістамі.
У далейшым хацелася б, каб хаця б часткова можна было пакрываць бацькам плату за нянь. Я мару не проста стварыць паслугу, а пра тое, каб кожны мог ёю скарыстацца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.