14 распаўсюднікаў спайсаў асудзілі агулам на 170 гадоў зняволення
Суд Першамайскага раёна 3 траўня агучыў прысуды ўдзельнікам групы распаўсюднікаў спайсаў, паведамляе БелаПАН.
Яшчэ ў снежні 2015 года Следчы камітэт заявіў, што ў Мінску затрыманая злачынная групоўка, якая займалася распаўсюдам псіхатропных рэчываў. Праваахоўнікі паведамлялі, што яны спынілі працу трох інтэрнэт-крамаў, якія прадавалі забароненыя рэчывы. Былі затрыманыя 14 чалавек ад 18 да 25 гадоў, у тым ліку 24-гадовая жанчына, у якой ёсць дзіця. Затрыманых абвінавацілі ў вырабе, распаўсюдзе і перавозцы наркатычных і псіхатропных рэчываў.
Судом на 10 гадоў пазбаўлення волі ауджаныя Павел Палітанскі, Настасся Булыгіна і Аляксандр Пілец. 12 гадоў зняволення атрымалі Кірыл Бугаёў, Андрэй Сульжыц, Дзяніс Саўчанка, Мікіта Францкевіч, Яўген Слабко, Мікалай Пятровіч і Яўген Парфёнаў. Да 13 гадоў пазбаўлення волі прыгавораны Аляксандр Грышановіч, да 14 — Кірыл Апановіч і Руслан Аліеў. Найбольшы тэрмін пакарання атрымаў Аляксей Казлоўскі — 15 гадоў пазбаўлення волі.
Такім чынам, агульны тэрмін зняволення чатырнаццаці асуджаных склаў 170 гадоў.
Таксама суд пастанавіў канфіскаваць маёмасць абвінавачаных, у тым ліку грошы і аўтамабілі Mazda, Peugeot 370, Toyota RAV4.
Прысуд пакуль не набыў законную моц. Адвакаты і сваякі большасці абвінавачаных заявілі пра намер падаць апеляцыю.