16 снежня адкрыўся рух па першым участку МКАД-2
16 снежня цалкам адкрыўся рух па першым участку другой мінскай кальцавой. Пра гэта паведамляе прэс-сакратарка Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Кацярына Грыб.
Рух адкрываецца на ўчастку ад дарогі Р-28 Мінск—Маладзечна—Нарач да аўтатрасы М-6 Мінск—Гродна. Такім чынам, з гэтай даты для транспарту стане цалкам даступным каля 47 км новай чатырохпалоснай шашы, якая спалучыла віцебскую і гродзенскую трасы.
Цяпер з’яўляецца магчымасць накіраваць транзітныя патокі з гродзенскага і віцебскага кірункаў у абыход Мінска.
Пакуль новая шаша з’яўляецца бясплатнай і рабіць яе платнай не плануецца, паведамляе БЕЛТА.
Рашэнне аб узвядзенні другой МКАД было прынятае яшчэ ў 2010 годзе, але актыўная стадыя яе будаўніцтва пачалася ў 2014 годзе пасля адпаведных даручэнняў кіраўніка дзяржавы. Мэта праекта — разгрузіць сталіцу ад транзітнага патоку аўтамабіляў, палепшыць экалагічную абстаноўку горада.
Фота: RUHAVICK TV