З Каменнай Горкі Мінска стане лягчэй выехаць
У Фрунзенскім раёне адкрылі дзве новыя вуліцы для транспарту
6 снежня ў Фрунзенскім раёне Мінска адкрылі для руху дзве новыя дарогі: вуліцу Сцяпана Злобіна і працяг вуліцы Васіля Галубка да вуліцы Альшэўскага, пішуць “Мінск-Навіны”.
Абедзве магістралі з'явіліся на месцы знесенага ваеннага гарадка ў Масюкоўшчыне. Новыя вуліцы значна палепшаць транспартнае злучэнне Дамброўкі і Каменнай Горкі з іншымі раёнамі Мінска.
Напрыклад, з вуліцы Галубка цяпер можна напрамую выехаць на вуліцу Альшэўскага і другое кальцо, што разгрузіць вуліцу Матусевіча. А вуліца Злобіна злучыла Масюкоўшчыну з мікрараёнам Дамброўка-6.
Прадугледжаны шырокія тратуары, веладарожкі, палосы для паркоўкі. Гэта запас на будучыню — на месцы былога ваеннага гарадка хутка вырасце новы жылы раён, растлумачыў кіраўнік адміністрацыі Фрунзенскага раёна Сяргей Шкруднеў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.