170 чалавек на 95 кватэр: мінчукі начуюць на вуліцы, каб набыць жытло

170 чалавек на 95 кватэр: мінчукі начуюць на вуліцы, каб набыць жытло

Каля увахода у офіс УКС Мінгарвыканкама ў самым цэнтры сталіцы, наўпрост каля Чырвонага касцёла, некалькі дзясяткаў чалавек сядзяць на рыбацкіх крэслах, п’юць каву ды ўвесь час аб чымсьці размаўляюць адзін з адным. Гэта чарга па выстаўленыя на продаж кватэры у доме, які пабудуюць на вуліцы Усходняй. Прадаваць іх пачнуць толькі 18 кастрычніка, а чарга існуе ўжо некалькі дзён.

Пачуўшы, што я журналіст і назву выдання, кажуць, каб я адсюль сыходзіў і ўвогуле нічога не пісаў, бо “журналісты толькі правакуюць ажыятаж і робяць невядома што з гэтага”. Спробы паразмаўляць з кімсьці першапачаткова не прыносяць поспеху, выклікаючы толькі негатыў сярод тых, хто стаіць у чарзе. Па словах аднаго з мужчын, гэта можа не давесці ні да чаго добрага:

"Вось пачнуць сюды ўсе журналісты ездзіць і паказваць чаргу. І што далей? Пакажуць Лукашэнку, ён абазліцца, грукне па стале, скажа, што ў нас камунізм і ўсё добра. Яшчэ ўвогуле забароніць так кватэры прадаваць, дык нічога не атрымаем мы! Вы лепей напішыце, чаму пры такіх ажыятажах не могуць дадумацца зрабіць электронныя чэргі, як у тых жа паліклініках. Гэта ж не так складана. І моцна спрасціла б жыццё. Узяў квіток — і ўсё, ніякіх праблем".

170 чалавек на 95 кватэр: мінчукі начуюць на вуліцы, каб набыць жытло

Праз некалькі хвілін, убачыўшы вакол мяне некалькі незадаволеных маёй прысутнасцю людзей, падыходзіць малады мужчына, просіць паказаць журналісцкае пасведчанне і кажа, што гатовы паразмаўляць, але без камер і дыктафона. У яго руках такая ж тэчка, у якой, як высвятляецца, спіс людзей, якія запісаліся ў чарзе.

"Я прыйшоў сюды раніцай у суботу, каб заняць чаргу. І быў не першы. Жанчына-пенсіянерка ўжо чакала. Праз некаторы час пачалі з’яўляцца і іншыя людзі, у выніку чаго было вырашана стварыць агульны спіс усіх, хто становіцца ў чаргу. Бо ўсе разумеюць, што 24 на 7 тут ніхто знаходзіцца не зможа, таму даводзіцца вось такім чынам кааперавацца, стаяць у размеркаваных дзяжурствах і сачыць за падзеямі ў адмысловай суполцы ў вайберы. Агулам тут зараз знаходзіцца каля 40 чалавек, прычым некаторыя сядзяць на лаўках у скверыку, увесь час праглядаючы паведамленні".

170 чалавек на 95 кватэр: мінчукі начуюць на вуліцы, каб набыць жытло

Як кажа мужчына, канфлікты амаль не здараюцца, а калі нешта і пачынае наспяваць, то амаль адразу з чалавекам карэктна размаўляюць. І нават нягледзячы на тое, што кватэр усяго 95, людзі працягваюць запісвацца. Прычым у чарзе ўжо больш за 170 чалавек!

"Так, людзей сапраўды шмат, але ж тут усё па-рознаму бывае. Некаторыя могуць адмовіцца, напрыклад. Таму чарга пяройдзе да наступнага чалавека. Да таго ж, кватэры розныя па колькасці пакояў і памеры суадносна. А наконт таго, ці ёсць тут людзі, якія займаюць месцы, каб перапрадаць іх потым — не ведаю, ды й гэта іх асабістая справа".

Кватэры, за якімі стаяць людзі, пакуль яшчэ фізічна не існуюць: будаваць іх пачнуць найбліжэйшым часам. Новы шматпавярховы дом з’явіцца на скрыжаванні вуліц Усходняя і Корш-Сабліна — на месцы, дзе раней знаходзіўся прыватны сектар. Аднапакаёвая кватэра будзе каштаваць каля $50 тысяч, двухпакаёвая — ад $67 тысяч, а трохпакаёўка — ад $86 тысяч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі