21 лютага адзначаецца Сусветны дзень роднай мовы
21 лютага адзначаецца Сусветны дзень роднай мовы. Рашэнне адзначаць гэты дзень, каб абараніць моўную і культурную разнастайнасць свету, было прынятае на 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЭСКА ў лістападзе 1999 года. Беларусь — адна з краінаў, якая адзначае гэты дзень, як на афіцыйным дзяржаўным, так і на неафіцыйным узроўні.
Беларуская мова з’яўляецца мовай тытульнай нацыі нашай краіны, аднак паводле перапісу насельніцтва 2009 года толькі 53% грамадзян назвалі яе роднай. У параўнанні з перапісам 1999 года колькасць такіх асобаў скарацілася на 20%. Яшчэ меней нашых суайчыннікаў называюць беларускую мовай штодзённых зносінаў.
У 2009 годзе Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў у пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЭСКА) залічыла беларускую мову ў пералік уразлівых моваў. Такі статус набываюць мовы, якія выходзяць з ужытку праз спыненне выкарыстання носьбітамі і перадачы наступнаму пакаленню і скарачэнне колькасці галінаў зносінаў у іх.
Тым не менш грамадскія арганізацыі і ініцыятывы, якія займаюцца развіццём і папулярызацыяй беларускай мовы, бачыць пазітыўныя тэндэнцыі. Як адзначыў у інтэрв’ю БелаПАН старшыня “Таварыства беларускай мовы” Алег Трусаў, за апошні год адбылося пашырэнне ўжытку беларускай мовы ў сферы адукацыі — павялічылася колькасць гадзінаў на вывучэнне мовы ў школе, з’явіліся моўныя факультатывы. На беларускай мове загаварылі прадстаўнікі бізнесу і спорту, да мовы тытульнай нацыі звярнуўся міністр замежных справаў Уладзімір Макей і ўсё яго ведамства.
Алег Трусаў таксама адзначае, што прыхільнасць да беларускай мовы, асабліва ў Мінску і ў буйных гарадах значна павялічылася. Пра гэта сведчыць поспех кампаніі “Мова нанова”, а таксама вялікая колькасць рэкламы па-беларуску.
З негатыўных тэндэнцыяў спецыяліст адзначае масавае закрыццё беларускамоўных школ, а таксама праблемы з доступам да беларускамоўнага навучання ў большасці гарадоў краіны.
Трусаў мяркуе, што ў беларускай мовы на цяперашнім этапе добрыя перспектывы, калі захаваецца незалежнасць краіны і не будзе ўкраінскага сцэнарыя. “Сітуацыя з мовай захаваецца і ўмацуецца, калі не будзе вайны, наўпроставай канфрантацыі з “усходнім братам”, які надзвычай нервова рэагуе на любыя, нават самыя дробныя, праявы беларускасці”, — сказаў старшыня ТБМ.