2morrow2late рыхтуе альбом пра тое, што "чалавек мусіць быць сабой"(+відэа)
Гурт умоўна падзяліў пласцінку на часткі і будзе выдаваць EP кожныя 2-3 месяцы.
Праца над другім альбомам 2morrow2late амаль скончана. Музыкі дапісваюць гітары і вакал для дзвюх песень у мінскай студыі Maple Tree. Плануецца, што ў пласцінку ўвойдзе 13 кампазіцый ды магчымы бонус ― кліп на песню "Close", які гурт плануе прэзентаваць ужо восенню.
Jim Win
У альбома існуе некалькі працоўных назваў, але ні на адной з іх 2morrow2late пакуль не спыніліся.
“Але гэта ўжо не будзе звязана з сэксуальнай тэматыкай”, ― смяецца фронтмэн гурта Jim Win, намякаючы на назву перадапошняга ЕР 2morrow2late з нашумелай назвай “Rock with balls”.
У кожнай песні пласцінкі будзе свая гісторыя.
“Мы развіваемся, расцём, не хочацца стаяць на месцы і ўвесь час рабіць адно і тое ж, ― тлумачыць Jim Win. ― Мяне жудасна раздражняе, калі які-небудзь “тупы метал”, напрыклад, Cannibal Corpse, выдае практычна аднолькавыя альбомы. Гэта нудна. Я люблю, калі музыка розная і гурт развіваецца ад альбома да альбома. У песнях будучага альбома абсалютна розныя гісторыі, але ўсе яны прасякнутыя адным стрыжнем ― чалавек мусіць быць сабой, рабіць тое, што яму падабаецца і не слухаць нікога”.
Валянцін Мурын
Таму апошні ЕР 2morrow2late ― адмысловая візітоўка альбома ― атрымаў назву "Be Yourself". Песні альбома атрымліваюцца рознымі па стылістыцы ― знойдуцца і энэргічныя кампазіцыі, і “медлякі”, і нешта пацяжэй. Але кардынальных зменаў не будзе ― хард-рок застанецца, а да асновы дададуцца эксперыменты з аранжыроўкамі.
Дуэт на песню "Close" з Валерыяй Валадзько
Музыка стане больш складанай. Напрыклад, для запісу песні “I Just Want To Play Rock N Roll” (перазапісанай кампазіцыі з EP "Rock With Balls") гурт плануе задзейнічаць сяброў-ваклістаў, каб запісаць сапраўдны хор.
Дыск выйдзе абмежаваным накладам “для сяброў і сапраўдных фанатаў”, яго рэліз прызначаны на пачатак 2014 года.