4% беларусаў: Жонку можна біць, калі кепска гатуе ці калі адмовіла ў сексе
Такія дадзеныя публікуе Белстат, а адмыслоўцы кажуць, што гэта яшчэ не так шмат.
4 працэнты беларускіх мужчын і жанчын лічаць, што муж мае права ўдарыць або збіць жонку, калі яна выходзіць з дома, не сказаўшы яму пра гэта; не клапоціцца аб дзецях; пярэчыць; адмаўляе яму ў сексе ці ў яе прыгарае ежа. Такія звесткі публікуе Нацыянальнае статыстычнае агенцтва.
"Я з такім сутыкалася, але лічу, што мужчына не мае права біць жанчыну, якая б ні была прычына", — адказвае дзяўчына на вуліцы Карла Маркса ў Мінску. З ёй пагаджаецца хлопец: "Маё меркаванне, што гэта недапушчальна. І ў прынцыпе ўсе спрэчныя пытанні вырашаюцца з дапамогай дыялогу".
Мінакі на вуліцах Мінска кажуць, што біць жонку — гэта кепска.
Між іншым, амаль 7 працэнтаў тых, хто ўдзельнічаў у апытанні Еўрарадыё, лічаць, што жанчыну можна ўдарыць з той ці іншай прычыны.
А сітуацыя на інтэрнет-форумах яшчэ горшая.
“Я чытала водгукі на форумах і проста валасы сталі дыбам. Большасць каментарыяў былі: "А што вы хочаце? Жанчыны істэрычкі, самі даводзяць, мала, што гатаваць не ўмеюць, дык яшчэ і скандалы ладзяць. Як не ўдарыць?" Таму насамрэч лічаць гэта нармальным больш за 4 працэнты", — распавядае Юлія Ляшкевіч, крэатыўны дырэктар агенцтва "Правакацыя". Паўгода таму была створаная гарачая лінія для ахвяраў гвалту.
Такіх водгукаў і такога ўзроўню агрэсіі супрацоўнікі лініі ніяк не чакалі. Пры тым, што аўдыторыя інтэрнету — гэта, як мінімум, людзі з нармальнай адукацыяй, адзначае Юлія.
За паўгода на гарачую лінію звярнулася 1084 чалавекі, прычым з абсалютна нармальных сем'яў. Заўсёды лічылася, што гвалт ёсць толькі ў нядбайных сем'ях, але гэта не так.
"Да гэтага ўсе лічбы прыводзілі з пункту гледжання МУС. Яны маюць справу ўжо з пабоямі, крымінальнымі рэчамі. Маюць справу з людзьмі, якія п'юць. У той жа час, паўгода працы лініі паказалі, што вялікая праблема гвалту адбываецца ў сем'ях з сярэднім прыбыткам, дзе людзі працуюць у канторах, чыноўнікамі, вайскоўцамі, дзе мужы ці жонкі займаюць кіруючыя пасады".
У гэтай сітуацыі людзі проста нікуды не звяртаюцца. Нікому не распавядаюць пра гвалт. Каля 20 працэнтаў пацярпелых, якія звярнуліся на гарачую лінію, раней нікуды не звярталіся па дапамогу для вырашэння сваёй праблемы, кажа кіраўнік гарачай лініі Анастасія Фалейчык:
"Яны не кажуць сябрам ці бацькам. Знешне ж шчасная сям'я — як гэта расказаць? Яны звяртаюцца да нас, быццам ім патрэбная дапамога. Але ў той жа час пачынаюць абараняць агрэсараў: вось ён, нібыта, добры бацька. Яны пачынаюць забываць, што ён яе б'е і гэта недапушчальна. Але як жа дзіцё будзе расці без бацькі?"
Сярод тых, хто звярнуўся на гарачую лінію, — 93% жанчыны. Сярод агрэсараў 88% мужчын — гэта мужы, былыя мужы, сужыцелі, сыны.
Анастасія Фалейчык: "Часта гэта адбываецца без прычыны. Чалавек не ўмее выказваць свае эмоцыі, і самы просты варыянт — стукнуць... Зыходзячы са званкоў на нашу лінію, справа часта даходзіць да абсурду: "Мне не падабаецца, як ты гатуеш, за гэта пакараю". У чалавека ёсць устаноўкі, што мая жонка — гэта мая рэч. Калі я лічу, што яна няправільна зрабіла, то магу яе пакараць. Агрэсар робіць вінаватымі ўсіх вакол сябе і тым самым апраўдвае свае агрэсіўныя дзеянні. Толькі ў тым выпадку, калі чалавек навучыцца адказваць за свае дзеянні і сваё жыццё, стратэгіі нападу і рознага кшталту гвалт страцяць сваё значэнне".
У 100% выпадкаў звяртаюцца людзі, якія пацярпелі ад псіхалагічнага гвалту: пастаянныя дакоры, абразы, знявага чалавека; ад фізічнага гвалту пацярпелі 64%; ад сексуальнага — 5%; 59% церпяць ад эканамічнага гвалту. Здараецца, што калі жанчына, напрыклад, у дэкрэце, яна мусіць рабіць справаздачу па ўсіх выдатках, на любыя патрэбы прасіць грошы і прыносіць чэкі. І гэта рэальныя гісторыі.
У справаздачы Белстата таксама шакуюць лічбы дзяцей, якіх выхоўваюць праз гвалт. Такіх дзяцей ад 2 да 14 гадоў па Беларусі — 65 працэнтаў.
"Не толькі ў сем'ях, а ў школе мы, на жаль, сутыкаемся з тым, што могуць лінейкай стукнуць, накрычаць, — працягвае Юлія Ляшкевіч. — У нас не думаюць, што гэта ніяк не дапушчальна. Людзі не разумеюць, што гвалт — гэта не толькі рукапрыкладства, гэта калі двое дарослых крычаць, а дзеці гэта чуюць. Яны вырастаюць і лічаць гэта нормай".