67 рублёў за "Веды" пра выбары: плаці, ідэолаг!

Анлайн-канферэнцыя​ / unsplash.com
Анлайн-канферэнцыя​ / unsplash.com

Гомельская гарадская структура таварыства "Веды" запрашае беларускіх ідэолагаў на анлайн-канферэнцыю "Прэзідэнцкія выбары 2020". Яна павінна прайсці 9 ліпеня. Удзел каштуе 67 рублёў — амаль $30.

"Веды" разаслалі "кіраўнікам арганізацый, прадпрыемстваў усіх формаў уласнасці" запрашэнне.

67 рублей за “Знание” о выборах: плати, идеолог!

Чаму так дорага?

Мы не можам бясплатна гэта праводзіць. Таму што мы арганізацыя, якой дзяржава ні капейкі не плаціць за гэта. Мы павінны за арэнду плаціць, мы павінны рабочым заробак плаціць, лектарам ганарары таксама павінны плаціць, — кажа Мікалай Рыбак, старшыня праўлення гомельскіх "Ведаў".

Гаворка ідзе не пра арэнду памяшкання для канферэнцыі — дый было б дзіўна нешта арандаваць для мерапрыемства, якое лектары будуць весці дыстанцыйна, са сваіх рабочых месцаў. Проста ўтрымліваць грамадскую арганізацыю ў Беларусі не так танна.

Мы і раней праводзілі семінары. Расказвалі пра заканадаўства па выбарах, пытанні задавалі. Мы толькі тлумачым заканадаўства выбарчай сістэмы. Нікуды не ўмешваемся. Не агітуем нікога, ні за якіх кандыдатаў. Мы абсалютна ад гэтага адключаныя. Наша задача як арганізацыі — растлумачыць заканадаўства, усе віды заканадаўства, — працягвае Мікалай Рыбак.

Зрэшты, чацвёра экспертаў, чые выступленні заяўленыя на канферэнцыі, наўрад ці змогуць пазбегнуць агітацыі. За выключэннем, мабыць, дацэнта кафедры эканомікі і кіравання ГДУ Валерыя Сяліцкага, яны так ці інакш звязаныя з дзяржкіраваннем і ідэалагічнай вертыкаллю Беларусі. Гэта сябра ЦВК Андрэй Гуржы, начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Акадэміі кіравання Уладзімір Літвіновіч, дэкан ФФСН і ў мінулым тэлевядучы Вадзім Гігін.

Зрэшты, плаціць 67 рублёў за "Веды" пра выбары ідэолагі не спяшаюцца.

Магчыма, мы адменім гэтую канферэнцыю. Запісалася ўсяго чатыры чалавекі, — заключае Мікалай Рыбак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі