75 мінчукоў не прыйшлі на цэнтралізаваны іспыт па беларускай і рускай мовах
Цэнтралізаваны іспыт / sb.by, ілюстрацыйнае фота
75 мінчукоў не з'явіліся 14 траўня на цэнтралізаваны іспыт па беларускай і рускай мовах. Пра гэта агенцтву "Мінск-Навіны" распавяла першая намесніца старшыні Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Людміла Барысенка.
Па яе словах, зарэгістраваліся на іспыт 11 402 навучэнцаў. Сярод іх былі 232 чалавекі, якія навучаліся экстэрнам. А вось з'явіліся на іспыт толькі 11 326 навучэнцаў. Большасць з іх былі вымушаныя прапусціць яго з прычыны хваробы. Яны будуць здаваць іспыт у рэзервовыя дні.
Аднаго навучэнца да іспыту проста не дапусцілі: у яго не было з сабой арыгінала пашпарта.
101 мінскі навучэнец скарыстаўся правам не здаваць цэнтралізаваны іспыт. "Гэта 64 пераможцы трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды і 37 дзяцей, якія навучаліся дома", — удакладняе Барысенка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.