Абмежаванні на бяспошлінны ўвоз тавараў праз мяжу ўведзеныя па просьбе Расіі

Абмежаванні на бяспошлінны ўвоз тавараў праз мяжу ўведзеныя па просьбе Расіі

Новыя абмежаванні па бяспошлінным увозе тавараў праз мяжу ЕАЭС уведзеныя з ініцыятывы Расіі. Пра гэта журналістам заявіў старшыня Мытнага камітэта Юрый Сянько

Як паведамлялася раней, з 1 студзеня 2019 года бяспошлінна на тэрыторыю ЕАЭС можна будзе ўвезці тавараў для асабістага карыстання не больш за 25 кг і на суму не больш за 500 еўра. (Сёння гэтыя нормы складаюць 50 кг і 1500 еўра адпаведна.)

"Пазіцыя Беларусі — выконваць рашэнні ЕАЭС, якія былі прынятыя з ініцыятывы Расійскай Федэрацыі", — падкрэсліў старшыня Мытнага камітэта.

Разам з тым Сянько не змог адказаць, чым кіраваўся расійскі бок, калі ўводзіў такія абмежаванні. "Трэба спытаць у расіян. /.../ Але, па ўсёй бачнасці, профільныя міністэрствы і ведамствы прымалі рашэнні, наколькі патрэбны дзяржаве той аб'ём бяспошліннага тавару, які ўвозіўся на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі", — дадаў чыноўнік.

Старшыня Мытнага камітэта прызнаўся, што грамадзяне Беларусі рэдка ўвозілі тавары на гранічную суму, закладзеную ў новых нормах. Таксама ён дадаў, што ў нашай краіне не плануецца адмяняць дадатковыя абмежаванні на ўвоз тавараў для людзей, якія ездзяць за мяжу часцей, чым адзін раз у тры месяцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі