Абвінавачанні па "карагоднай справе" выстаўленыя больш чым ста фігурантам
Карагод на скрыжаванні ў Брэсце, які разганялі вадамётам / sk.gov.by
У межах крымінальнай справы пра карагод у Брэсце выстаўленыя абвінавачанні 108 асобам, расказалі ў СК.
Гаворка пра пратэсную акцыю, якая адбылася ў абласным цэнтры 13 верасня. У гэты дзень дэманстранты выйшлі на скрыжаванне праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў, дзе спявалі песні і вадзілі карагоды. Акцыю разганялі вадамётам, пасля чаго пачаліся затрыманні.
СК угледзела ў дзеяннях дэманстрантаў "групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (арт. 342 КК РБ).
"Пры правядзенні аператыўных мерапрыемстваў і следчых дзеянняў выяўленыя 115 чалавек, якія маюць дачыненне да здзяйснення дадзенага злачынства", — заявіў намеснік начальніка УСК па Брэсцкай вобласці Максім Пласкуноў.
70 чалавек ужо асуджаныя. І спыняцца ў СК не збіраюцца. У ведамстве падкрэслілі, што разам з міліцыяй на пастаяннай аснове працягваюць "следчыя дзеянні і мерапрыемствы, накіраваныя на высвятленне іншых асоб, якія маюць дачыненне да здзяйснення названага злачынства".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.