Аб'яднанне выпускнікоў БДЭУ хочуць ліквідаваць праз суд
Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, ілюстрацыйнае фота
8 кастрычніка Мінскі гарадскі суд разгледзіць пазоў аб ліквідацыі грамадскага аб'яднання" Клуб выпускнікоў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта", заўважыў сайт "Позірк". З адпаведным пазовам выступіла Міністэрства юстыцыі.
Арганізацыя была заснаваная ў 2007 годзе. На яе сайце паведамляецца, што клуб быў створаны з ініцыятывы выпускнікоў БДЭУ. Пры гэтым старонка арганізацыі ў Фэйсбуку не абнаўляецца з 2020 года. Акаўнт у Інстаграме недаступны.
Старшынёй праўлення клуба на сайце пазначаны Уладзімір Беразоўскі — дэкан улікова-эканамічнага факультэта БДЭУ. Намеснікам старшыні з'яўляецца выкладчык універсітэта Віктар Саевіч.
Дарэчы, Саевіч у дзяржаўных СМІ рэгулярна выступае з праўладных пазіцый.
Паводле інфармацыі праваабарончай арганізацыі Lawtrend, за час ад прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і да канца жніўня 2024-га ў Беларусі ліквідавана не менш за 1777 некамерцыйных арганізацый (НКА). Прычым пад "зачыстку" нярэдка трапляюць не толькі апалітычныя аб'яднанні, але і тыя, што выступаюць у падтрымку рэжыму Лукашэнкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.