“Ад мора да мора”. Вялікая афіша да Дня Волі

Жыве Беларусь / Еўрарадыё
Жыве Беларусь / Еўрарадыё

25 сакавіка беларусы па ўсім свеце адзначаюць сваё галоўнае свята — Дзень Волі. Менавіта так у народзе называюць гадавіну абвяшчэння ў 1918 годзе незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, нашай першай нацыянальнай дзяржавы. Галоўным сцягам тады стаў бел-чырвона-белы, гербам — “Пагоня”, а беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай.

Напярэдадні 105-х угодкаў абвяшчэння незалежнай БНР Еўрарадыё падрыхтавала афішу святочных мерапрыемстваў, якія адбудуцца ў гарадах, куды пераехалі беларусы, хаваючыся ад рэпрэсій на радзіме.

Афіцыйна адзначыць свята ў самой Беларусі сёння нерэальна — шмат жыхароў нашай краіны сядзіць за кратамі проста за здымкі з гістарычнымі сцягамі ў сацсетках. Але і гэта не перашкаджае нам працягваць змагацца за сваю незалежнасць і быць побач нават на адлегласці — “ад мора да мора”.


Варшава
24 сакавіка Сяржук Доўгушаў запрашае ўсіх на Спеўны сход у Музей вольнай Беларусі ў Варшаве. Каб адзначыць свята годна, арганізатары прапануюць да яго падрыхтавацца:

“Будзем спяваць разам вядомыя беларускія песні і гімны XX стагоддзя: “Ваяцкі марш”, “Пагоня”, “Магутны Божа”, “Не загаснуць зоркі ў небе” і гэтак далей”.

25 сакавіка з нагоды 105-х угодкаў абвяшчэння БНР у цэнтры польскай сталіцы адбудзецца вялікі марш, а таксама мітынг-канцэрт.
Выступаюць: Atesta, 23:34, Дом сувязі, Lity Taler, Dzieciuki, NRM.by, Сяржук Доўгушаў, Shuma, Пётр Клюеў, Ketevan.

Разам заспяваем нашыя гімны і песні, таму не прапускаем рэпетыцыю на Спеўным сходзе, рыхтуем голас і вучым словы. 
Пасля канцэрта святкаванне працягнецца ў беларускіх і польскіх сяброўскіх кавярнях.

“Ад мора да мора”. Вялікая афіша да Дня Волі
Дзень Волі ў Варшаве / "Фэйсбук"

Беласток
Ужо сёння ў беларускім хабе "Новая Зямля" ахвочыя могуць наведаць выставу, прысвечаную 105-годдзю абвяшчэння БНР.  24 сакавіка тут жа пройдзе гульня-квіз “А што ты ведаеш пра БНР?” Вялікі святочны канцэрт да Дня Волі адбудзецца ўжо 25 сакавіка.

На гэтым свята ў Беластоку не скончыцца. 26 сакавіка адбудзецца беларускі пікнік у Копнай Гуры, а 27-га — святочныя заняткі беларускамоўных курсаў “Мова Нанова”.

Тбілісі
Святочны марш і ўрачыстая акцыя-мітынг пройдуць і ў сталіцы Грузіі.

“Падчас мітынгу ўсе разам праспяваем нашыя нацыянальныя гімны! Успомніць словы можна па спасылцы”, — прапануюць арганізатары.

На мітынгу таксама будзе магчымасць выступіць са сваёй прамовай. Працяг святкавання адбудзецца ў бары Bunker. У праграме — квіз, выступы беларускіх музыкаў, стэндап, караоке, дабрачынны аўкцыён і шмат іншых цікавых актыўнасцяў.


Батумі
Беларусы Батумі прапануюць пачаць адзначаць свята з раніцы і далучыцца да ўрачыстага забегу са сцягамі. Удзень у цэнтры горада пройдуць марш і мітынг, а бліжэй да вечара — дваровая вечарына.  

“Нясіце пачастункі! Будзе мангал, можна будзе нешта пасмажыць”, — прапануюць арганізатары. Усіх чакае канцэрт з удзелам Вожыка, Фёдара Жывалеўскага (“Голая манашка”), гурта Dadoma. Ахвочыя нешта паспяваць змогуць далучыцца.


Каўнас
У Каўнасе беларусаў запрашаюць на Петрашунскія могілкі. Там адбудзецца ўрачыстае адкрыццё шчыльды Клаўдзію Дуж-Душэўскаму — выбітнаму архітэктару, гуманісту, беларускаму грамадскаму дзеячу і герою беларускага, літоўскага і габрэйскага народаў.


Вільня
Адкрыццё шчыльды ў Каўнасе — толькі адно з мерапрыемстваў па святкаванні Дня Волі ў Літве. Асноўныя з іх пройдуць у сталіцы краіны. З раніцы беларусам прапануюць наведаць могілкі братоў Антона і Івана Луцкевічаў і капліцы на могілках Росы, дзе пахаваныя беларускія паўстанцы 1863—1864 гадоў.

Пасля ахвочыя змогуць паўдзельнічаць у аўтапрабегу з бел-чырвона-белымі сцягамі і наведаць мітынг. Увечары, пасля вяртання з Каўнаса, на “Варце Святла” пройдзе акцыя з запальваннем знічоў і хвіліна маўчання па загінулых у змаганні за вольную Беларусь, мітынг-канцэрт і сумеснае спяванне гімна “Пагоня”.  

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі