Адміністрацыя прэзідэнта: Беларусь не накіроўвала спачуванні Грузіі

Аляксандр Лукашэнка не выказваў спачуванні прэзідэнту Грузіі Міхаілу Саакашвілі ў сувязі з трагічнымі падзеямі ў Паўднёвай Асеціі. Прынамсі, такі дакумент, падпісаны кіраўніком дзяржавы, не паступаў у яго прэс-службу. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў кіраўнік прэс-службы беларускага прэзідэнта Павел Лёгкі. “На гэты конт, я не магу нічога сказаць. У дадзенай сітуацыі я магу сказаць толькі тое, што распаўсюджваю тыя дакументы, якія падпісаныя і перададзеныя мне ў гатовым выглядзе. Таму будзе нешта ці не, я не ведаю”.

Між тым, сёння ранкам прэс-служба прэзідэнта распаўсюдзіла інфармацыю, што Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста выказаў шчырыя спачуванні расійскаму народу ў сувязі з трагічнымі падзеямі ў Паўднёвай Асеціі. Плануецца, што Беларусь акажа гуманітарную дапамогу пацярпелым ад баявых дзеянняў.

“Безумоўна, гуманітарная дапамога пацярпелым будзе аказвацца. Ва ўсялякім выпадку гэтае пытанне прапрацоўваецца цяпер. У якім выглядзе яна будзе аказвацца, гэта пытанне ўжо да ўраду”.


Кіраўнік прэс-службы не змог удакладніць, ці будзе дапамога аказвацца толькі жыхарам Асеціі, ці яшчэ і жыхарам Грузіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі