Азараў пра самарэкламу ў чат-боце “Перамога”: Канкурэнты баяцца BYPOL

Аляксандр Азараў, кіраўнік BYPOL і лідар спісу №5 на выбарах у КР

Аляксандр Азараў, кіраўнік BYPOL і лідар спісу №5 на выбарах у КР / Еўрарадыё

— Гэтыя выбары ў Каардынацыйную раду для нас вельмі важныя. І мы лічым, што гэта, можа быць, апошні шанец змяніць будучыню беларусаў. Канферэнцыя, якая праводзілася ў нядзелю, паказала, што беларусы не ведаюць пра гэтыя выбары — 200 чалавек толькі канферэнцыю глядзела. Таму вырашылі прыцягнуць увагу да выбараў вось такім чынам, — так Аляксандр Азараў у каментары Еўрарадыё тлумачыць начную рассылку пра выбары ў Кардынацыйную раду праз чат-бот “Перамога”.

У ноч на 22 траўня беларусы атрымалі ад чат-бота напамін пра выбары ў КР і заклік галасаваць за спіс №5 “Закон і правапарадак”. На чале гэтага спісу — кіраўнік аб'яднання экс-сілавікоў BYPOL Аляксандр Азараў, які і стаіць за мабілізацыйным планам “Перамога”.

Агітку атрымалі нават тыя, хто выдаліў чат-бот плана “Перамога” пасля таго, як ён быў прызнаны экстрэмісцкім.

“Я ставіла калісьці дзеля цікавасці, проста паглядзець, што гэта. І потым выдаліла, каб не мець праблем. І ў якім шоку я была сёння раніцай, калі пабачыла, што ўночы чат-бот зноў з’явіўся, і ў ім паведамленне!” — дзеліцца трывогай слухачка Еўрарадыё.

Праўладныя тг-каналы з раніцы шакалілі на гэтую тэму, а пазней напісалі, што знайшлі паведамленне ад чат-бота “Перамога” ў смартфоне мужчыны, затрыманага з іншай нагоды. Магчыма, гэта хлусня. Але ж гэта прымусіла нас яшчэ раз задумацца пра мэтазгоднасць рассылкі.

BYPOL неўзабаве выпусціў каментар з тлумачэннем, сэнс якога ў двух словах — чат-бот плана “Перамога” выкарысталі дзеля большага ахопу аўдыторыі, бо СМІ замоўчваюць выбары ў КР. Але наўрад ці незалежныя медыі можна ў такім абвінаваціць. 

Таму мы вырашылі папрасіць у Аляксандра Азарава больш тлумачэнняў.

— Ці вартыя выбары ў КР таго, каб рызыкаваць бяспекай беларусаў?

— Мы рассылкі робім два разы на месяц. Бо мы працуем з чатам бота “Перамога”. Мы робім рассылкі рэгулярна, тысячам людзей. Проста цяпер выслалі больш, чым заўсёды. І, відаць, паведамленні прыйшлі да людзей, да якіх яны раней не прыходзілі.

— Што гэта значыць?

— Мы рассылаем розным катэгорыям заўсёды. Тым, хто нам цікавы. А цяпер мы выбралі больш катэгорый, чым звычайна. І [у рассылку] патрапілі тыя, каму раней не дасылалі. І яшчэ: людзі рэгіструюцца і выдаляюцца, зноў рэгіструюцца, і таму кожная рассылка будзе не аднолькавай.

“Кіберпартызаны” шмат разоў публікавалі інструкцыю, як правільна выдаліць бот. Відаць, тыя людзі няправільна выдалілі. Мы гэтую інструкцыю прадублявалі яшчэ раз. Мы да гэтага заклікалі яшчэ год таму. Калі чалавек перадумаў і не хоча ўдзельнічаць у плане “Перамога”, дык калі ласка, можа выдаліцца. Гэта было адно з першых паведамленняў на нашым новым канале.

— А што цяпер рабіць людзям, якія хвалююца за сваю бяспеку, бо неспадзявана атрымалі паведамленне?

— Выдаліць бот згодна з інструкцыяй. Гэта інструкцыя “Кіберпартызанаў”. Мы ж не можам праверыць кожнага чалавека, ці выдалялі яны наогул там што. Гэта тэхнічныя пытанні.

Мы рабілі рассылку як заўсёды, выкарыстоўваючы ўсе метады бяспекі. Мы рабілі яе позна ўвечары, а палове на дзясятую, напэўна. Калі людзі знаходзяцца ўжо не на працы, а дома. І я яшчэ раз падкрэсліваю: раней ні ў кога не ўзнікала ніякіх пытанняў. Я лічу, што гэта звязанае менавіта з выбарамі. Нехта не хоча, каб яны праводзіліся.

— Як вы адрэагавалі на гэты рэзананс?

— Я негатыўна да гэтага стаўлюся. Я думаю, што проста канкурэнты на выбарах баяцца, што “Байпол” можа выкарыстоўваць такія рэсурсы, якіх няма ў іншых. 

— А як да такога спосабу агітацыі паставілася выбарчая камісія?

Нам задалі пытанні, і мы будзем адказваць. Я лічу, што агітацыя пра выбары — яна недастатковая. Пра гэта кажуць шматлікія лідары. Павел Латушка ў кожным сваім каментары. Пракоп’еў кажа пра гэта. Што пытанне выбараў у Каардынацыйную раду замоўчваецца, і СМІ мала надаюць увагі. Напрыклад, мы робім ролікі на тэму выбараў, я рассылаю іх па СМІ — і іх ніхто не публікуе!

Таму мы вырашылі падняць гэтае пытанне. І мы давялі да беларусаў, што ёсць выбары. Цяпер пра выбары ведаюць усе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі