30 стрымаў, больш за 100 згадак у тг-канале. Як Еўрарадыё асвятляе выбары ў КР
Каардынацыйная рада
Палітычнае жыццё Беларусі віруе за яе межамі. Тут заканчваецца кампанія па выбарах у Каардынацыйную раду. Еўрарадыё вырашыла падлічыць, наколькі актыўна мы асвятляем гэтую важную падзею.
На нашым сайце за апошнія два месяцы з'явілася каля 40 публікацый пра выбары ў КР. Кожная з іх дасяжная на беларускай і на рускай мове. Тут і навіны, і расклад па тых, хто мог бы паўдзельнічаць у выбарах, і падрабязны гайд па галасаванні.
За красавік і за травень мы правялі на ютуб-канале Еўрарадыё 21 стрым, наўпрост прысвечаны Каардынацыйнай радзе. У іх ліку — прэзентацыі праграмаў усіх спісаў, вылучаных на выбары. Да таго ж, тэмы, звязаныя з КР, безліч разоў згадваліся нашымі вядоўцамі і суразмоўцамі ў стрымах з іншай нагоды, а таксама ў нашым радыёэфіры.
Таксама мы правялі на нашым ютуб-канале 9 дэбатаў паміж удзельнікамі выбараў у Каардынацыйную раду і іх ідэалагічнымі апанентамі. Маладыя палітыкі дэбатавалі з прадстаўнікамі "старой" апазіцыі, ветэраны Палка імя Каліноўскага спрачаліся паміж сабой пра сілавы сцэнар вызвалення Беларусі, а Андрэй Курэйчык даказваў Сяржуку Кедышку, што КР нельга ператвараць у рэвалюцыйны Петрасавет (хаця той і не збіраўся). Паглядзець гэта ўсё вы можаце тут. Дзясятыя дэбаты — паміж Паўлам Латушкам і Розай Турарбекавай — выходзяць у пятніцу, 24 траўня.
За апошнія два месяцы Каардынацыйная рада (КР) больш за 100 разоў згадваецца ў тэлеграм-канале Еўрарадыё. Мы і не думалі ігнараваць гэтую тэму і ў іншых сацсетках. На нашую думку, Еўрарадыё зрабіла ўсё, што ад нас залежыла, каб як мага шырэй распаўсюдзіць інфармацыю пра выбары ў КР і палітыкаў, якія ў іх удзельнічаюць. Ну а што ў гэтых палітыкаў атрымаецца — пабачым падчас галасавання 25-27 траўня і пасля падліку галасоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.