Адзінага кандыдата не будзе. АГП падтрымлівае Лябедзьку і Статкевіча
Жонка палітвязня Марына Адамовіч кажа, што сам Статкевіч пакуль не ў курсе ініцыятывы Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
25 лістапада Аб’яднаная грамадзянская партыя праводзіць палітраду. І ледзьве паспявае завяршыць яе да празначанай на 14.30 прэс-канферэнцыі. Старшыня партыі Анатоль Лябедзька выходзіць да журналістаў проста з залы паседжанняў.
“Мы гатовыя быць аднымі з ініцыятараў стварэння ініцыятыўнай групы па вылучэнні і рэгістрацыі Мікалая Статкевіча. Для нас гэта важна і актуальна, каб зрабіць акцэнт на адсутнасці сумленных і свабодных выбараў у Беларусі, і што толькі вырашэнне гэтай праблемы дае шанец на перамены”, — урачыста заяўляе ён.
Але тут жа ўдакладняе, што спадзявацца на рэгістрацыю Мікалая Статкевіча ў якасці кандыдата не варта. Таму ён сам, Анатоль Лябедзька, таксама будзе спрабаваць прайсці рэгістрацыю. І не ў якасці кандыдата ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а, хутчэй за ўсё, ад аб’яднанай “Талакі”. То бок і ад былых камуністаў са “Справядлівага свету”, перамовы з якімі на гэты конт ужо вядуцца і завершацца на працягу тыдня, сцвярджае Анатоль Лябедзька.
Магчымасць неяк дамовіцца з “Народным рэферэндумам” ды БХД Анатоль Лябедзька фактычна адмаўляе. Маўляў, на сённяшні момант бакі маюць кардынальна рознае бачанне ходу выбарчай кампаніі, а гэта самае асноўнае.
“На сённяшні дзень мы канстатуем, што найвялікшая супярэчнасць — гэта розныя сцэнарыі, якія прапаноўваем мы і “Народны рэферэндум”. Яны не супадаюць”, — мяркуе лідар АГП.
У дадатак БНФ, “Гавары праўду”, “За свабоду”, БСДП “Грамада” і БХД, на думку лідараў АГП, не маюць свайго кандыдата. Ганаровы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што ў такой сітуацыі Кангрэс па выбары адзінага кандыдата нават не зусім і патрэбны.
“Пяць структур не маюць свайго кандыдата. Мілінкевіч адмовіўся, паэт адмовіўся. Атрымліваецца, што Кангрэс склікаюць толькі для таго, каб разгледзець кандыдатуру Лябедзькі. Ці насамрэч патрэбны такі Кангрэс?” — пытаецца Багданкевіч.
Што праўда, ні Мілінкевіч, ні Някляеў афіцыйна аб адмове ад ўдзелу ў выбарах наступнага года пакуль не заяўлялі.
Стварыць ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатаў АГП плануе ўжо да канца года. Засталося даведацца, ці захоча Мікалай Статкевіч быць кандыдатам ад АГП, альбо “Талакі”. Жонка палітвязня Марына Адамовіч кажа, што Мікалай пагаджаўся з ідэяй стаць адзіным кандыдатам, агучанай летам Уладзімірам Някляевым. Пра ідэю Лябедзькі з паплечнікамі ён пакуль не ведае. Ды і ў светлыя намеры апазіцыянераў Марына Адамовіч не асабліва верыць.
“Мне здаецца, што тут ўсё ад пачатку было пастаўленае з ног на галаву. Таму я не шукаю ўжо ні логікі ў заявах, ні інтрыг. І мне цяжка нейкім чынам іх каментаваць”.
Сам Статкевіч пракаментаваць апошнія навіны са стану апазіцыі зможа толькі праз тыдзень, калі прачытае аб іх у незалежнай прэсе.