"Аферысту з Tinder" пагражае турма за падробку правоў кіроўцы
Сайман Ляваеў / кард з фільма Netflix
Зорцы дакументальнага фільма Netflix "Аферыст з Tinder" Сайману Ляваеву можа пагражаць турма за падробку пасведчання кіроўцы, паведамляе выданне Daily Mail.
Ляваеў быў "злоўлены на выкарыстанні падробленых правоў кіроўцы, калі яго Maserati за 80 000 фунтаў стэрлінгаў захрас на іспанскім пляжы". У размове з паліцэйскімі аферыст назваў сябе Майклам Білтанам і прад'явіў фальшывую ліцэнзію пад адным з псеўданімаў, якія ён, як вядома з фільма, выкарыстоўваў.
Паліцэйскі, які спецыялізуецца на выяўленні падробленых дакументаў, апазнаў фальшывага гандляра дыяментамі пасля прагляду папулярнага шоў Netflix.
Ляваеў, народжаны Шымонам Хаюцем, ужо адбываў тэрмін у сваім родным Ізраілі пасля арышту ў Грэцыі за выкарыстанне фальшывага пашпарта.
"Аферыст з Tinder" — брытанскі дакументальны фільм у жанры "сапраўднага злачынства", які выйшаў у лютым 2022 года. У ім распавядаецца гісторыя ізраільскага махляра, які выкарыстоўваў дадатак Tinder з мэтай знаёмства з жанчынамі, для наступнай эмацыйнай маніпуляцыі і выманьвання буйных сум грошай. Пасля выхаду фільма кампанія Tinder назаўжды заблакавала Ляваева ў дадатку для знаёмстваў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.