Афіцэр ФСБ ваюе ва ўкраінскім добраахвотніцкім батальёне (відэа)
Старшы лейтэнант памежнай службы ФСБ Ілля Багданаў на пачатку ліпеня перайшоў расійска-ўкраінскую мяжу.
У Кіеве ён звярнуўся ў Службу бяспекі Украіны і заявіў, што прыехаў добраахвотнікам, каб дапамагчы спыніць вайну, "якую ва ўсходняй Украіне спрабуе развязаць антынародны пуцінскі рэжым". Багданаў — рускі нацыяналіст, прытрымліваецца вельмі правых поглядаў, сябраваў з так званымі "прыморскімі партызанамі", адзначае Радыё "Свабода". Сам ён заяўляе, што ваюе не супраць Расіі, а супраць пуцінскага рэжыму.
Цяпер Багданаў служыць у адным добраахвотніцкім батальёне ў зоне АТА. Ён не шкадуе пра свой выбар і кажа, што, напрыклад, у батальёне "Азоў" вельмі шмат расіянаў.
Багданаў кажа, што ў Расіі на яго пачалі крымінальную справу за "дзяржаўную здраду" і "наёмніцтва". Маці выклікалі ў вайсковую пракуратуру, сястру — у ФСБ.
Фота — svaboda.org