Актывістцы страйкаму МАЗа адмовілі ў прытулку ў Швецыі

Швецыя

Швецыя / pexels.com

Швецыя адмовілася даць палітычны прытулак беларускай прафсаюзнай актывістцы Але Цвірко.

Міграцыйныя ўлады мяркуюць, што прафсаюзная дзейнасць не з'яўляецца палітычнай і на радзіме жанчыне нічога не пагражае, хоць там на яе пачалі крымінальную справу, піша "Зеркало".

Ала Цвірко ў 2020 годзе актыўна ўдзельнічала ў страйку на Мінскім аўтамабільным заводзе. Увосень 2021-га да яе прыйшлі з ператрусам. На жанчыну пачалі крымінальную справу паводле "народнага" 342-га артыкула КК (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Цвірко паспела выехаць ва Украіну. А пасля пачатку шырокамаштабнай расійскай агрэсіі перабралася ў Швецыю, дзе жыве яе сястра. Яна папрасіла палітычны прытулак і паказала дакументы, што ў Беларусі на яе пачалі крымінальную справу. Аднак шведскія чыноўнікі ўсіх інстанцый адмовілі ёй:

"Адмовілі праз тое, што не бачаць пагрозы для мяне пры вяртанні ў Беларусь, сказалі, што прафсаюзная праца не з'яўляецца палітычнай дзейнасцю. Спачатку адмовіла міграцыйная служба, потым міграцыйны суд, апошняй інстанцыяй быў Вярхоўны суд Швецыі".

Беларуска павінная да 9 кастрычніка пакінуць не толькі краіну, але і Шэнгенскую зону. Шведская міграцыйная служба прапанавала ёй купіць квіток на самалёт у Расію. "Вядома, я адмовілася. Смешна, што чыноўнікі ў Швецыі нават не ведаюць, што авіязносіны з Расіяй даўно адсутнічаюць", — кажа Цвірко.

Прадстаўнік Народнай амбасады Беларусі ў Швецыі Дзмітрый Васерман кажа, што жанчыне хутчэй за ўсё трэба будзе з'ехаць у адну з краін, якая не ўваходзіць у Шэнгенскую зону, каб зрабіць візу і вярнуцца ў ЕС — такія правілы Еўрасаюза. Прычым невядома, ці дадуць ёй новую візу. "Гэта вялікая трагедыя для беларусаў, бо пасля адмовы ў Швецыі легальна з'ехаць у іншую краіну ЕС яны не могуць", — дадае Васерман.

Паводле інфармацыі Народнай амбасады, летась міграцыйная служба Швецыі прыняла 141 рашэнне наконт беларусаў, якія просяць палітычнага прытулку. Толькі тры з іх былі пазітыўнымі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі