Альбом гурта, якога няма, стаў лепшым у 2018 годзе
11 красавіка сайт Experty.by уручыў музычныя ўзнагароды за лепшыя беларускія альбомы, выпушчаныя ў 2017 годзе. Іх вызначылі беларускія і замежныя музычныя крытыкі і журналісты. Гэтым разам трыумфатарам стаў альбом "Колер, якога няма", створаны гуртом TonqiXod, якога цяпер таксама няма. Другая і апошняя кружэлка "ТонкагаХода" перамагла ў намінацыях "Лепшы рок-альбом", "Лепшы беларускамоўны альбом", "Альбом года", атрымала прыз вялікага журы і прыз штатных экспертаў.
"Лепшым поп-альбомам" прызнаны "Tragic City" ЛСП, "Фолк-альбом" — “Вясна” гурта Ulyanica, "Лепшым дэбютным альбомам" стала тая ж “Вясна”, "Лепшым электронным альбомам" крытыкі палічылі "Appetiizer" Ані Жданавай.
Беларускія музычныя крытыкі (улічваліся галасы 17-ці чалавек) палічылі лепшым альбомам года "Колер, якога няма". У той жа час іх замежныя калегі аддалі перавагу "Tragic City" ЛСП.
Усяго ў 2017 годзе беларускія музыкі запісалі 240 альбомаў. 33 з іх прыцягнулі ўвагу музычных спецыялістаў і былі адрэцэнзаваныя на сайце Experty.by. Заснавальнік узнагарод Experty.by Зміцер Безкаравайны заявіў, што сёлетняя, дзясятая прэмія, стане апошняй: "Праект сыходзіць у замарозку".
Музычныя ўзнагароды сайта Experty.by:
Прыз замежнага журы: ЛСП, “Tragic City”;
Прыз вялікага журы: TonqiXod, “Колер якога няма”;
Прыз народнага журы: Zero 85, "Turriptopsis Nutricula";
Прыз штатнага журы: TonqiXod, “Колер якога няма”;
Лепшы поп-альбом: ЛСП, “Tragic City”;
Лепшы фолк-альбом: Ulyanica, "Вясна";
Лепшы дэбютны альбом: Ulyanica, "Вясна";
Лепшы электронны альбом: Аня Жданова "Appetiizer";
Лепшы беларускамоўны альбом: TonqiXod, “Колер якога няма”
Лепшы рок-альбом: TonqiXod, “Колер якога няма”;
Лепшы альбом 2017 года: TonqiXod, “Колер якога няма”.