Алег Кудрачоў: Замест штрафу я прасіў пасадзіць мяне на “суткі”

26 траўня штрафам у 700 тысяч рублёў быў пакараны Алег Кудрачоў – чалавек, які прыцягнуў увагу людзей, абараніўшы безбілетніка ў 38-м аўтобусе. Хаця дзеянні Алега ўхваліў нават той-сёй з міліцыянтаў – яго прызналі вінаватым.

Алег Кудрачоў: “У судзе быў толькі я, і ўсё. Суд быў кароткі, суддзя зачытала прысуд… Факт, што я перашкаджаў працы “органаў”, я не адмаўляў, гэта было відавочна. Абараняў чалавека, ды і ўсё”.

Не запрасілі на суд ні шматлікіх пасажыраў аўтобуса, ні міліцыянтаў, якія груба затрымлівалі Алега, ні рэвізора, якая чаплялася да безбілетнага студэнта.

Алег Кудрачоў: “У яе было прадузятае стаўленне… Яна сама па сабе такая. Гэта ўжо другі выпадак, калі яна так сябе паводзіць. У першы раз, калі я яе бачыў, дзяўчына відавочна не “дабіла” талон. Рэвізор з ёй выйшла на прыпынку і, відаць, працягвала разбірацца. Але тут я проста ўскіпеў, калі яна сказала пра нарад міліцыі, разумееце? Хаця пры ёй быў міліцыянер! Калі я пачуў, што на гэтага спакойнага хлопца вызываюць нарад міліцыі, — адразу адрэагаваў. Кажу: “Зараз мы ўсе выходзім, хлопца гэтага трэба адпусціць”. Але якое там…”

Цікава, што замест штрафу Алег прасіў у суда пасадзіць яго на “суткі”. Але суддзя палічыў, што пакаранне рублём адпавядае сітуацыі лепш.

Алег Кудрачоў: “Я кажу: “Грошай няма, давайце 15 сутак!” — а суддзя адказвае: “Дык “суткі” ж усё роўна аплачваюцца… Ды і не хацеў бы я вас на гэтыя “суткі” адпраўляць!” Ну, тады я пагадзіўся на штраф. Але разумееце… Можна і на “суткі” пайсці. Ёсць жа прыклады! Той жа Хадаркоўскі. І нашы палітыкі, якія пацярпелі… Вядома, тут шмат пытанняў. Але тое, што чалавек 51 дзень трымаў галадоўку — гэта проста звыш, разумееце самі”.

Салідарныя мінчукі праз інтэрнэт за некалькі гадзінаў сабралі штраф Алега — 700 тысяч рублёў.

Алег Кудрачоў: “Гэта я проста на сёмым небе быў, калі сказалі мне… Нават на восьмым! Самі разумееце, вельмі прыемна!”

Не засталіся абыякавымі да ўчынку Алега і міліцыянты. Прычым той-сёй з іх выказваў спачуванне і разуменне, нягледзячы на тое, што судзілі мужчыну за супраціў супрацоўнікам міліцыі.

Алег Кудрачоў: “Адзін чалавек з органаў унутраных спраў, палкоўнік, патэлефанаваў мне. Сказаў, што рэдка каму тэлефануе… Назваўся і кажа: “Я табе выказваю падзяку. Глядзеў, тваё інтэрв’ю і мне спадабалася, што ты гаворыш”. То бок, нават людзі ў пагонах шчыра і па-чалавечы выявілі сваё стаўленне да мяне”.

Алег кажа, што, нягледзячы на тое, што адбылося на Нямізе, і штраф, ён будзе ўступацца за безбілетных пасажыраў і надалей.

Алег Кудрачоў: “Час ад часу мы ўсе ездзім зайцамі… Але розныя бываюць выпадкі. І часам на гэта можна закрыць вочы! Глядзіце: хлопец спакойны, не сварыўся, нічога такога, і нават пасля казаў, што згодны заплаціць штраф, хаця было ўжо крыху позна… Але выклікаць міліцыю на хлопца, які паводзіў сябе спакойна, без аніякай агрэсіі… Мяне гэта вельмі раззлавала. Таму міліцыянерам, якія мяне дастаўлялі ў суд, я сказаў: “Калі яшчэ такая сітуацыя здарыцца — я буду паводзіць сябе так жа сама”. Вядома, бывае хамства з боку пасажыра — тады я буду на іншым баку. Але ў падобнай сітуацыі — 100%”.

Фота: TUT.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі