Увёз з Польшчы тэлевізар, а праз год даведаўся, што вінны пошліну і пеню

Увёз з Польшчы тэлевізар, а праз год даведаўся, што вінны пошліну і пеню

У мытна-фінансавую гісторыю з-за тэлевізара LG жыхар Мінска Алег К. трапіў год таму. Праўда, зразумеў гэта толькі зараз ― калі яму прыйшоў ліст з Гродзенскай рэгіянальнай мытні. У паперы за подпісам намесніка начальніка мытні па эканамічнай працы Дзмітрыя Васільчыка сцвярджаецца: у ліпені 2016 года Алег “не выканаў абавязкі па выплаце мытных плацяжоў у дачыненні да тэлевізара”. Прасцей кажучы, тэлевізар каштаваў больш за 300 еўра, а перад гэтым Алег быў за межамі “мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза” 2,5 месяца таму. Адпаведна, везці такую дарагую рэч без растаможкі не меў права – тры месцы з мінулай паездкі не прайшлі.

У ідэале як мусіла быць? Падчас мытнага дагляду ў ліпені 2016 года мытнік мусіў звярнуць увагу Алега на “парушэнне”. Хлопец павінен быў на месцы (!) даплаціць адпаведныя мытныя плацяжы ― на 150 “лішніх” еўра.

― Калі б мне на мытні сказалі, што я мушу нешта заплаціць ― заплаціў бы і паехаў далей з чыстым сумленнем. Але ніхто нічога не сказаў: я проста запоўніў мытную дэкларацыю і спакойна паехаў у Мінск. А зараз мне прыходзіць папера, што я мушу не толькі заплаціць мытную пошліну на ўсю суму тэлевізара ― 450 еўра і яшчэ пеню за год! ― абураецца Алег.

Сапраўды, з ліста намесніка начальніка мытні па эканамічнай працы Дзмітрыя Васільчыка, што толькі сёлета ён, “прагледзеў копію пасажырскай мытнай дэкларацыі, інфармацыю пра частату перамяшчэнняў”, і выявіў парушэнне Алега. І накіраваў яму… 19.05.2017 года патрабаванне сплаціць 335 рублёў 41 капейку мытнях плацяжоў і амаль 40 рулёў пені. А на пытанне Алега, чаму тыя мытныя плацяжы бяруцца не з “лішніх” 150 еўра, а з 450, усяго кошту тэлевізара, у мытні адказалі: таму, што здзейсніў парушэнне ― правёз тэлевізар, не заплаціўшы мыту адразу на мяжы.

Але як такое ўвогуле стала магчымым, чаму мытны плацеж не ўзялі адразу ― куды глядзелі мытнікі 27.07.2016 года, калі Алег вёз той злашчасны тэлевізар з Польшчы?

― Ведаеце, гэта трэба ў Гродзенскай рэгіянальнай мытні ўдакладняць: чаму такі вялікі тэрмін прайшоў і наколькі гэта зараз ужо актуальна ― праз год, ― разгублена адказваюць на мае пытанні ў прэс-службе Мытнага камітэта.

Не можа ніяк мне патлумачыць сітуацыю і намеснік начальніка Гродзенскай мытні па ідэалагічнай працы Мікалай Богалейша. На пытанне, ці абавязаны мытнікі адразу на мяжы звярнуць увагу на тое, што чалавек не мае права везці той ці іншы тавар, мытнік адказвае.

Мікалай Богалейша: “Часцей за ўсё такія пытанні вырашаюцца адразу на месцы. Але можа па нейкіх прычынах, па нейкіх абставінах не ўсе пытанні былі адразу вядомыя”.

І перанакіроўвае ў аддзел спагнання мытных запазычанасцяў. Праўда, і там атрымаць уцямныя тлумачэнні таксама не ўдаецца.

― Зразумейце, ніколі няма гатовага адказу на такое вось пытанне. Бо людзі таксама могуць не разумець нейкіх тонкасцяў і бачыць гэта пытанне ў такім святле. А там яно зусім у іншым святле. І таму я не тое што баюся ― я не ўпаўнаважаная даваць каментары па гэтым пытанні. Таму я магу іх даць некампетэнтна і некваліфікавана.

У Мытным камітэце Еўрарадыё сказалі, што пра выпадкі, падобныя да таго, у які трапіў Алег, яны не ведаюць. Магчыма, сапраўды так вось “пашчасціла”. Толькі цікава: чаму раптам супрацоўнікі Гродзенскай мытні пачалі “праглядаць копію пасажырскай мытнай дэкларацыі, інфармацыю пра частату перамяшчэнняў” і наколькі масава яны гэта сёння робяць?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі