Алексіевіч — Мацкевічу: вы нам патрэбны жывы, а не сімвал
![Алексіевіч — Мацкевічу: вы нам патрэбны жывы, а не сімвал](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/dsc_1216.jpg.webp?itok=Sp5ObstA)
Нобелеўская лаўрэатка, пісьменніца Святлана Алексіевіч заклікала беларускага палітвязня Уладзіміра Мацкевіча не рызыкаваць сваім жыццём. Ён ужо 12 дзень галадае ў мінскім СІЗА, з аўторка перайшоў да сухой галадоўкі.
"Наперадзе ў нас доўгі шлях, доўгая барацьба, — піша Алексіевіч. — І вы нам патрэбны жывы, а не сімвал". Яна лічыць, што "памерці сёння — слабасць, памылка ад стомы і роспачы, мужнасць — жыць".
Жыць трэба "дзеля будучыні, якая прыйдзе крыху пазней без кожнага з нас", адзначае Святлана Алексіевіч. "Нават нельга ўявіць сабе нашу барацьбу без вас, без вашага слова, без вашага голасу", — дадае яна.
Філосаф Мацкевіч ужо паўгода за кратамі. Яму выставілі абвінавачанне ў "арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Палітвязень патрабуе, каб яго выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, завяршылі следчыя дзеянні і прызначылі дату суда.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.