Алена Анісім: Не выключана, што Пагоня вернецца раней, чым мы спадзяемся

Алена Анісім: Не выключана, што Пагоня вернецца раней, чым мы спадзяемся

У першы дзень пасля выбараў новаабраная дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім завітала ў студыю Еўрарадыё, каб паразважаць пра мяккую беларусізацыю, верагоднасць выканання сваёй перадвыбарчай праграмы, падкантрольнасць парламента Аляксандру Лукашэнку і прызнанне выбараў міжнароднымі арганізацыямі.

Еўрарадыё: Як вы лічыце, вас сумленна абралі, ці ўсё ж такі Улада, так бы мовіць, дазволіла вам прайсці або прызначыла?

Алена Анісім: Тут трэба разабрацца з тэрміналогіяй. Калі прызначаюць, то чалавек можа нічым не займацца, сядзець у інтэрнэце, даваць інтэрв’ю, зусім не сустракацца з выбаршчыкамі і ніяк увогуле не займацца агітацыяй. Вось гэта, на маю думку, прызначэнец. А што тычыцца дазволу прайсці ў парламент, то разумееце, калі за табой будзе 60-70% выбаршчыкаў, то гэта ў інтарэсах улады прапусціць такога кандыдата. Я лічу, што за мной дастаткова значныя сілы. І менавіта тая хваля, што была паднятая, дазволіла мне прайсці ў парламент.

Еўрарадыё: Назіральнікі кажуць, што немагчыма было праверыць, колькі чалавек за каго прагаласавала ні ў дзень выбараў, ні падчас датэрміновага галасавання. Бо нават калі ты стаіш за спінай аднаго з сябраў камісіі і бачыш, за каго ён ставіць птушку, то за каго паставіў іншы сябра, ужо невядома. Вы ўпэўненыя, што за вас прагаласавала менавіта столькі, а не больш ці менш?

Алена Анісім: Сказаць адназначна я не магу, бо я не была на ўсіх участках і не стаяла ні за спінай, ні побач, ні як-небудзь іначай. Па той простай прычыне, што ў мяне не было назіральнікаў. Я проста працавала, як кандыдат у дэпутаты, карысталася ўсімі магчымасцямі, каб данесці сваю пазіцыю, пазіцыю нашай арганізацыі. Менавіта на гэта пайшлі ўсе мае сілы і ўвесь наш рэсурс. Таму я не магу нічога сказаць ні па фальсіфікацыі, ні па праўдзівасці, ні па аб’ектыўнасці… я магу толькі давяраць, што ўсё было зроблена ў адпаведнасці з законам і сумленнем.

Разумееце, калі з пяці прэтэндэнтаў праграмы надрукавалі толькі чатыры, выступам на тэлебачанні скарысталіся толькі двое… На сайце нашай акругі можна паглядзець, хто фармаваў фонды, якога памеру яны былі і як яны былі скарыстаныя. Я скарысталася ўсімі магчымасцямі агітацыі, у тым ліку сваім аўтамабілем у якасці агіт-мабіля, бо ездзіла з улёткай на шкле. Апроч таго, наведвала футбольныя матчы “Гарадзеі”… Але не тое, каб агітаваць, мне сапраўды спадабалася каманда. А ў дадатак, гэта камандная гульня і, калі ты бачыш, як гульцы выкладаюцца на полі, бачыш іх волю да перамогі, то і сам зараджаешся гэтым.

Еўрарадыё: Кожны дэпутат носіць на лацкане пінжака значок дэпутата з чырвона-зялёным сцягам. Вы, напэўна, прыхільніца бел-чырвона-белай сімволікі. Ці будзеце насіць гэты значок, ці замовіце сабе адмысловы — нацыянальных колераў, а не дзяржаўных?

Алена Анісім: Для пачатку, відаць, адразу бел-чырвона-белы далучу да афіцыйнага.

Еўрарадыё: Палітолагі кажуць, што ў дзяржавы ёсць план на мяккую беларусізацыю, пад якую і было вырашана прапусціць Алену Анісім. Для вас мае значэнне дзяржаўная праграма, ці вы маеце сваю ўласную?

Алена Анісім: Перш за ўсё, добра што меркаванні і тэндэнцыі ў грамадстве і пэўнай частцы ўраду супадаюць. Тады падобныя ідэі не выклікаюць таго супрацьстаяння, якое мы часта назіраем. Разумееце, я звязаная абавязальніцтвамі і тымі ідэямі, якія мы жадалі ажыццявіць з “Таварыствам беларускай мовы”, калі збіраліся ісці на выбары. Акрамя таго, я звязаная праграмай, з якой ішла на выбары. Таму я буду працаваць менавіта ў гэтым рэчышчы. Перш за ўсё, буду ініцыяваць закон “Аб падтрымцы беларускай мовы”. А па-другое, буду спрыяць закрыццю тых праблем, якія былі абазначаныя падчас сустрэч з выбаршчыкамі.

Еўрарадыё: На сёння два апазіцыйныя кандыдаты — у парламенце, але праграма прадстаўніцы АГП ўсё ж больш эканамічная. Атрымліваецца, у Авальнай зале вы будзеце супрацоўнічаць больш з праўладнымі дэпутатамі. А ўжо праглядзелі спіс, ведаеце, з кім будзеце спрабаваць наладзіць кантакт?

Алена Анісім: Пакуль не было ў мяне магчымасці прагледзець спіс ды паставіць птушкі насупраць прозвішчаў, з якімі трэба сустрэцца ў першую чаргу. Думаю, што і з прадстаўніцай АГП мы будзем таксама ў добрых стасунках і знойдзем грунт для супрацоўніцтва. Я таксама маю пэўныя сувязі з прадпрымальніцкімі коламі. Напрыклад, ужо некалькі гадоў мы перакладаем нацыянальную платформу “Бізнес у Беларусі” на беларускую мову.

Еўрарадыё: Сярод дэпутатаў ёсць былы сенатар Марзалюк. Ён беларускамоўны. Але ці можа быць такое, што “як чалавек ён мне не падабаецца, хоць і беларускамоўны, таму супрацоўнічаць з ім не буду”?

Алена Анісім: Калі чалавек прытрымліваецца пэўных каштоўнасцяў, а менавіта незалежнасць краіны, умацаванне, кансалідацыя грамадства, пытанні пра тое, чым ён займаецца за межамі палаты, для мяне будуць стаяць на апошнім плане. Калі трэба будзе праводзіць які-небудзь законапраект, то я буду шукаць паплечнікаў сярод практычна ўсіх дэпутатаў.

Еўрарадыё: Ці паспелі вы азнаёміцца з паўнамоцтвамі і магчымасцямі беларускага дэпутата? Ці прадумалі, што рэальна зможаце зрабіць?

Алена Анісім: Глыбока да ўсіх паўнамоцтваў не дайшла, проста не хапіла часу. Але паверце, што ўсімі сваімі паўнамоцтвамі я скарыстаюся напоўніцу. Але, як і казала, ужо падрыхтаваны праект па падтрымцы беларускай мовы. Бо беларуская мова — ёсць натуральны складнік бяспекі краіны. Я не баюся, што мяне запішуць у нацыяналісты ці што яшчэ, бо я ўжо гадоў трыццаць такая як ёсць, і ўсе гэта ведаюць. Я перакананая, што, калі ісці з усмешкай, несці дабрыню, а не агрэсію, то на адсоткаў 70 мяне падтрымаюць.

Еўрарадыё: Каардынатар кампаніі назірання за выбарамі “Права выбару” Дзяніс Садоўскі заявіў, што падлік галасоў і ўвогуле выбары праходзілі непразрыста і недэмакратычна. У сувязі з гэтым ён заклікае не прызнаваць іх вынікаў ні па адной акрузе, у тым ліку, вашай. Як вы ставіцеся да гэтага?

Алена Анісім: Я паважаю любую думку, калі яна падмацаваная фактамі. Калі Дзяніс Садоўскі мае факты парушэнняў абсалютна па ўсіх акругах і можа казаць пра фальсіфікацыю ўсімі ўчастковымі камісіямі, то ён мае права на тое, каб гэта казаць. Я не магу сцвярджаць падобнага. Я ў гэтай справе абсалютна некампетэнтная, бо не маю доказаў і фактаў таго, як і дзе адбываліся фальсіфікацыі.

Еўрарадыё: А наколькі вы кампетэнтная для працы ў вышэйшым заканадаўчым органе?

Алена Анісім: Думаю, што не менш кампетэнтная, чым любы іншы прадстаўнік, які ў сённяшнім складзе парламента, ці былі ў мінулых складах. Я лічу, што кожны чалавек, які адчувае ў сабе сілы і здольнасці, мае вышэйшую адукацыю, можа прадстаўляць інтарэсы людзей у парламенце. А тым больш, калі ён мае досвед грамадскай і публічнай дзейнасці. Гэта толькі дадатковы плюс.

Еўрарадыё: Вызначыліся з тым, хто будзе вашымі памочнікамі?

Алена Анісім: Думаю! У нашай арганізацыі вельмі шмат маладых амбітных прадстаўнікоў. Ды і па акрузе ёсць людзі. У мяне даверанымі асобамі працавалі вельмі добра і кожны з іх можа ў пэўнай ступені быць памочнікам.

Еўрарадыё: Вы б хацелі, каб гэты парламент быў прызнаны міжнароднай супольнасцю легітымным органам?

Алена Анісім: Я б вельмі хацела, каб гэты склад парламента стаў сапраўдным народным органам, каб у ім абмяркоўваліся сапраўды тыя праблемы, якія сёння хвалююць грамадства. Тыя праблемы, якія замінаюць нашай краіне стаць паўнавартаснай краінай еўрапейскага ўзору. Я прыкладу ўсе свае намаганні для таго, каб гэты орган стаў менавіта такім.

Еўрарадыё: Хутчэй за ўсё, з вамі будуць сустракацца прадстаўнікі міжнародных арганізацый. Што вы ім параіце зрабіць: прызнаць парламент, даць магчымасць гэтаму парламенту ўдзельнічаць у, напрыклад, праграме Еўранэст?

Алена Анісім: Я не магу даваць рэкамендацыі міжнародным арганізацыям. Магу выказаць толькі сваю думку, якую ўжо неаднаразова выказвала. Я карыстаюся толькі аргументамі і фактамі. Думаю, што, паразмаўляўшы з усімі палітычнымі структурамі, назіральнікамі і кампетэнтнымі ў пытанні людзьмі, яны зробяць правільную выснову. Мая задача — працаваць, не зважаючы на абставіны. З тымі людзьмі і ў тых варунках, якія ёсць. А тое, што парламент павінен быць органам нармальнага народнага прадстаўніцтва, я перакананая і на гэта буду працаваць.

Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да смяротнага пакарання, бо толькі яго наяўнасць не дазваляе Беларусі трапіць у Савет Еўропы?

Алена Анісім: Безумоўна, я супраць смяротнага пакарання. І перш за ўсё, я зыходжу з пазіцыі гуманнасці. Бо калі мы лічым сябе разумнымі, адукаванымі людзьмі, калі мы жывем у ХХІ стагоддзі, то трэба перагледзець сваё стаўленне і пазіцыянаваць гуманнасць у дачыненні да ўсяго жывога.

Еўрарадыё: Вяртаючыся да вашых абяцанняў паспрыяць адкрыццю беларускамоўнай школы ў кожным раёне і ведаючы, пра тое, што беларускамоўныя класы паўсюль закрываюцца, ці будзе ў вас час сапраўды паехаць у мясцовую адміністрацыю і на месцы “разруліць” гэта пытанне?

Алена Анісім: Наконт часу, то я перакананая, што для гэтых мэтаў я яго знайду. Іншая справа, што для таго, каб школы адкрываліся, а не закрываліся, патрэбнае жаданне і воля бацькоў. На гэта трэба ў першую чаргу працаваць. Жаданне і воля бацькоў будуць тады, калі яны будуць бачыць перспектыву навучання па-беларуску. Таму шмат майго часу пойдзе на тое, каб у Беларусі паўстаў Нацыянальны універсітэт з беларускай мовай навучання.

Еўрарадыё: Ці гатовыя вы да сур’ёзнага супрацьстаяння з чыноўнікамі?

Алена Анісім: За грудкі брацца не буду дакладна. Але ў вельмі ветлівай і настойлівай форме гатовая. Я ўпэўненая, што словам можна пераканаць. Іншая справа, што да гэтага трэба грунтоўна рыхтавацца.

Еўрарадыё: Той жа Дзяніс Мельянцоў казаў, што Лукашэнку сёння патрэбны цалкам падкантрольны парламент. Вас змогуць узяць пад кантроль?

Алена Анісім: Мяне не трэба браць пад кантроль. Я законапаслухмяная грамадзянка Рэспублікі Беларусь і, як кажуць, калі я хачу, каб іншыя паважалі закон, я мушу сама яго паважаць. А тое, што патрэбны паслухмяны парламент… дык ён і быў такім усе гады, але гэта не ўратавала краіну ад розных вонкавых выклікаў і сённяшняя нестабільная ўнутраная сітуацыя таксама патрабуе іншых падыходаў. Таму, я думаю, што паціху-памалу лейцы будуць адпускацца. Я на гэта спадзяюся і лічу, што так яно і будзе.

Еўрарадыё: Лукашэнка ў вышымайцы, Анісім у парламенце, мяккая беларусізацыя… Можа, варта спадзявацца, што і “Пагоню” хутка вернуць на будынак парламента?

Алена Анісім: Не выключана. Думаю, што гэта можа адбыцца хутчэй, чым мы спадзяемся. Такая ідэя можа зыходзіць і ад зусім нечаканых дэпутатаў, мне падаецца. Бо, калі вы кажаце пра падкантрольны парламент, то скажыце, чаму такая ідэя не можа быць укладзеная ў вусны таго ж казака Улаховіча.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі