Аляксандр Глеб: Кіраўніцтва “Арсенала” паставіць Арсену Венгеру помнік

Аляксандр Глеб: Кіраўніцтва “Арсенала” паставіць Арсену Венгеру помнік

Кіраўніцтва лонданскага футбольнага клуба “Арсенал” паставіць Арсену Венгеру помнік, які ён заслужыў як ніхто іншы. Такое меркаванне ў каментары сайту championat.com выказаў беларускі футбаліст Аляксандр Глеб, які выступаў за гэты англійскі клуб у 2005-2008 гадах. Знакаміты галоўны трэнер лонданскага футбольнага клуба збіраецца сыходзіць пасля заканчэння сезону. З “Арсеналам” ён працуе ўжо 22 гады.

“Можна сказаць, што сыходзіць эпоха, — кажа Глеб. — Венгер — гэта “Арсенал”, а “Арсенал” — гэта Венгер. Складана сказаць, як будзе без яго. Цяпер фанаты “Арсенала” незадаволеныя Арсенам, але, магчыма, хутка яны будуць шкадаваць, што ён сышоў”.

Па словах футбаліста, Венгер “надзвычайна любіць футбол, а “Арсенал” для яго як дзіця”.

Сёлета ў “Арсенала” справы ў англійскай прэм’ер-лізе ідуць не лепшым чынам, каманда займае толькі шосты радок. Па неафіцыйнай інфармацыі, Венгера можа замяніць Луіс Энрыке, былы галоўны трэнер “Барселоны”. Ёсць і іншыя кандыдаты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі