Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб амністыі
Яна прымеркаваная да 70-х угодкаў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. З турмаў выйдзе 2,2 тысячы чалавек, а ўсяго амністуюць каля 8,6 тысячы.
Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон "Аб амністыі ў сувязі з 70-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў". Пра гэта стала вядома ў чацвер, 28 траўня. Закон уступае ў сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання. Працэс амністыі можа зацягнуцца на паўгода.
Нагадаем, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі законапраект аб амністыі 13 траўня. Савет Рэспублікі яго ўхваліў 20 траўня.
Асаблівасць сёлетняй амністыі ў частковым пашырэнні спісу асобаў, якіх могуць выпусціць з турмы, за кошт асуджаных за эканамічныя злачынствы. У прыватнасці, гаворка ідзе пра тых, хто адбывае тэрмін за ілжэпрадпрымальніцтва. Для такіх вязняў вызваленне стане магчымым, калі яны ўжо адбылі траціну пакарання і маюць станоўчыя характарыстыкі ад адміністрацыі папраўчай установы. Таксама яны павінны цалкам кампенсаваць дзяржаве нанесеную матэрыяльную шкоду.
Як чакаецца, з турмаў выйдзе 2,2 тысячы чалавек, а ўсяго амністуюць каля 8,6 тысячы.
Сёлетняя амністыя — 14-я па ліку за час незалежнасці Беларусі.
Кіраўнік МУС: “24-28% амніставаных здзяйсняюць паўторныя злачынствы”
Пад амністыю не трапяць наркагандляры і паклёпнікі на кіраўніка дзяржавы
Фота: Fotolia