Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад пасады міністра энергетыкі
Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад пасады міністра энергетыкі Уладзіміра Патупчыка, інфармуе БЕЛТА. Пра прычыны звальнення нічога не паведамляецца.
Патупчык — ураджэнец Светлагорска, яму ў лістападзе споўніцца 60 гадоў. Пасаду міністра энергетыкі ён займаў крыху больш за пяць гадоў. Да гэтага быў намеснікам старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу (у 2011-2012 гадах), яшчэ раней — намеснікам прэм'ер-міністра (2009-2010), міністрам працы і сацыяльнай абароны (2006-2009), памочнікам кіраўніка дзяржавы, галоўным інспектарам па Мінску (з 2004 года).
Як інфармавала Еўрарадыё, 24 красавіка ў сваім пасланні народу і парламенту Лукашэнка крытыкаваў міністра энергетыкі, які "пад носам" не заўважаў існуючых праблем. Якраз стала вядома пра адхіленне ад пасады кіраўніка "Белэнерга" Яўгена Воранава. Да таго ж кіраўнік дзяржавы заявіў, што дагэтуль не ведае, як Беларуская АЭС будзе ўбудаваная ў сістэму энергетыкі.