Аляксандр Саладуха: Я думаў, што запрасілі ў “Графіці”, каб папрыкалвацца
Кароль і “фрык” айчыннай эстрады распавядае, як зэканоміць на стадыённым канцэрце, навошта ён запісвае ўласныя цытаты і адкуль у яго торбы з валютай.
14 студзеня легенда беларускай поп-музыкі Аляксандр Саладуха літаральна "рве" невялічкі сталічны клуб "Графіці" падчас сумеснага канцэрта з РСП. Здаецца, гэта першае пранікненне папсы ў глыбокі мінскі андэграўнд. Але Саладуху, як высветлілася, тут чакаюць. Каля сотні чалавек практычна ўпадаюць у экстаз, калі спявак заводзіць галоўны хіт свайго жыцця "Здравствуй, чужая милая", губляюць прытомнасць пад "Вінаград" і "паміраюць" пад рок-версію той жа "чужой мілай".
“Я ўвогуле не ведаў такога клуба, і назвы такой не чуў — я шмат чаго не ведаю з-за сваёй занятасці, — прызнаецца шакаваны Аляксандр, які ў "Графіці" выступае другі раз (першы выступ быў на прыватным Дні нараджэння). — А тое, што адбылося — гэта па-за любымі каментарыямі. Я не чакаў такога. Ні на адным сольным канцэрце, а 1 сакавіка будзе 28 гадоў маёй дзейнасці на прафесійнай сцэне, не было такога, каб сіла гуку ад крыку публікі так забівала барабанныя перапонкі! І гэта шчасце, адчуць такое, тым больш, што публіка такога ж узросту, як мае дзеці. Спачатку, шчыра скажу, я думаў, што запрасілі, каб крыху папрыкалвацца. Магчыма, мне падаецца, і дай Бог, каб я памыліўся, што я бачыў некалькі твараў з іранічнай і скептычнай усмешкай. Але праходзіць песня, і я бачу, што з гэтымі людзьмі адбываецца такое ж вар'яцтва, як і з астатнімі. І ўпершыню на маім канцэрце вось так дзяўчыну на руках насілі. Як гэта называецца? Стэйдж-дайвінг? Я нават слова такога не ведаю”.
Мы размаўляем пасля канцэрта на скураной канапе ў офісе клуба "Графіці". Аляксандр нібыта пражывае свой невялікі сэт яшчэ раз, аналізуючы свае дзеянні: "І добра, што я падразагрэў публіку заявай пра канцэрт на стадыёне "Дынама" у 2017 годзе, праўда? Я ўяўляю, як гэтая навіна разляціцца. І я ўпэўнены, што прыйдзе такая ж моладзь, вялікая колькасць такой жа моладзі".
У 2017 годзе аматар круглых дат святкуе сваё 30-годдзе на сцэне і 25-годдзе хіта "Здравствуй, чужая милая". Спявак ужо ўяўляе, як хор ў 20-25 тысяч спявае "мілую" на ўвесь Мінск. Цікава, што канцэрт на стадыёне “Дынама” Саладуха плануе ўдзень, відаць, каб зэканоміць на святле.
“Я пакуль не прадумваў, як можа выглядаць шоў на стадыёне, — працягвае музыка. — Натуральна, што трэба паставіць якасны гук і зрабіць канцэрт удзень, каб не задзейнічаць святло, хаця сыны мне падказваюць, што патрэбна і святло, і экраны. Але я больш люблю, калі бачу вочы сваіх прыхільнікаў. Таму я і пачынаў усе свае "стадыёны" у 15.00. Сонца — вось галоўны пражэктар. Ты адзін валодаеш гэтай публікай. Гэта шчасце!”
2 гады таму італьянскія панкі Vanilla Sky для рэкламы свайго канцэрта ў Беларусі зрабілі забойны кавер на "Чужую мілую". Акурат Еўрарадыё пазнаёміла італьянцаў з Аляксандрам: звадзіла іх на прагон творчага вечара Эдуарда Ханка, дзе Саладуха, натуральна, выконваў сваю "мілую". Аляксандр быў уражаны такой увазе да сваёй сціплай персоны, маўляў, ах, Італія! Сарэнта!, і, натуральна, скораны нечаканай версіяй песні. І вось у навагоднюю ноч Аляксандр з'яўляецца ў скураной куртцы і знакамітай бандане з каверам на самога сябе, пазычаным у італьянцаў.
“Так, аранжыроўка адзін у адзін як у італьянцаў, — распавядае Саладуха гісторыю кавера. — Гэта АНТ прапанавалі. Спачатку сваю версію песні зрабілі Nuteki — цікава атрымалася. Яны вельмі незвычайна працуюць — такая еўрапейская моднасць. Але АНТ папрасіла нешта больш жорсткае і ўказала на версію Vanilla Sky. Шкада, што мы не перасячомся (італьянцы граюць у Мінску 22 студзеня, а Аляксандр з сям'ёй ляціць адпачываць у Арабскія Эміраты). Перадавайце хлопцам прывітанне”.
2014 год, кажа мне белазубы Аляксандр, стаў для яго лёсавызначальным: 55 гадоў адзначыў, "Мінск-Арэну" сабраў, крылы матылька для рэкламы фіналу Нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне-2014" прымерыў, пародыю на "Вінаград" зрабіў, у "Графіці" выступіў, сына ажаніў і нават унука дачакаўся (дачка жонкі Аляксандра ад першага шлюбу нарадзіла ў мінулым годзе).
“Але ведаеце, атрымліваецца, што сам я нічога гэтага (з вышэйпералічанага) не рабіў: крылы матылька 1 канал прапанаваў, пародыю на "Вінаград" — АНТ, рок-версію "Чужой мілай" — АНТ, пра "Графіці" я і ведаць не ведаў — яны мяне запрасілі... Як кажа мой самы блізкі сябра Алежка Елісеенкаў: "Было б у цябе, Саша, гэта, калі б ты не пахаў усе гэтыя гады?". То бок, гэтая тытанічная праца дае свой ураджай. Стадыёны — гэта зразумела. Але вось каб такая рэакцыя моладзі!? Я калі даваў інтэрв'ю часопісу "Большой" (вы ж, напэўна, бачылі вокладку, так?), галоўны рэдактар сказаў: "Вам варта працягнуць, бо дзякуючы такім незвычайным крокам, вы набіраеце папулярнасць у моладзі".
Пытаемся ў Аляксандра, хто ён на самой справе: поп-кароль ці фрык? Саладуха абсалютна даверліва адказвае, што ён і той, і другі. І распавядае, як пагадзіўся апрануць крылы.
“Заводзяць мяне Жэня Папковіч і ўся каманда ў грымёрку, там ляжаць гэтыя крылы. І я чытаю па іх вачах, што яны чакаюць маёй рэакцыі. Я вытрымліваю секунду-дзве і кажу "так". І я бачу на іх тварах захапленне, радасць і ў той жа час здзіўленне. Магчыма, тут сыграў ролю ўзрост, магчыма, прафесіяналізм, магчыма тое, што я сам сабе і прадзюсар, і мэнэджар, і імпрэсарыа, і дырэктар — мой камп'ютар імгненна спрацаваў. То бок, калі людзі гэта прапаноўваюць, то значыць, што яны ўсё гэта пралічылі і ведаюць, што гэта будзе выбух, што гэта бомба. Паралельна ты правяраеш сам сябе, што ты не забаішся стаць з голым торсам перад камерамі. Натуральна, што "крылы" зрабілі сваю справу, быў усеагульны ажыятаж, многія казалі, што не чакалі ад мяне такога павароту на 180 градусаў. Я ж не разумеў, чаму яны так здзіўленыя. Я разумею, калі я заводжу стадыёны, калі я іх разрываю сваімі простымі і звычайнымі песнямі, а што такога ў гэтых "крылах"? Я такое пытанне задаў Дзянісу Дудзінскаму. А ён адказаў: "А хто яшчэ на такое пойдзе апроч вас? Ціхановіч? Ярмоленка?". Атрымліваецца, што ты і смелы — ты не баішся эксперыментаваць. Да таго ж, ты атрымліваеш рэкламу, бо без гэтага эксперымента не было б гэтых вар'яцкіх ста тысяч праглядаў роліка. Чаму я заўсёды ўсміхаюся, і ўся краіна пра гэта ведае? Чаму я заўсёды кажу: толькі наперад і ўверх ці: усміхайцеся і ніколі не здавайцеся? Чаму я збіраю аншлагі? Чаму "Мінск-Арэна"? Таму што я 100 адсоткаў веру ў сябе, у сваю перамогу, у свой хіт, у свайго гледача, у сваю зорку. І "пашу" з ранку да вечара. Я цяпер пішу на лістах фармату А4 свае выказванні. Іх шмат у маім працоўным кабінеце. Фінальнае выказванне — гэта "Талент, дадзены Богам, і тытанічная праца рана ці позна дадуць мега-поспех і тое, пра што ты марыш". Вось канцэрт у “Графіці” таму прыклад”.
У 2014-м Саладуха пабіў чарговы рэкорд “па касавых зборах”. І калі раней ён аб'яўляў на ўсю краіну, што зарабіў на канцэртах мільярд ці два, то цяпер сціпла адмахваецца, маўляў, "я ўжо збіўся з ліку". Праўда, з мільярдамі Аляксандр па абменніках не бегае:
“Мне не патрэбная валюта — у мяне яе цэлая торба. Адзін карпаратыў за мяжой прынёс тое, што, магчыма, нашы артысты не зарабляюць за паўгода”.
Поп-кароль увесь час у добрым настроі і ўсміхаецца, нягледзячы на стрэсы і перажыванні. Цікавімся, на чым ён “сядзіць”, і што параіць той моладзі, якая спрабуе расслабіцца з дапамогай алкаголю і наркотыкаў.
“У маім жыцці таксама такое было: я тройчы ледзь не сышоў з жыцця. Але дзякуй Богу, што дапамог утрымацца, і, відаць, любоў да дзяцей і да сцэны дамінавала над зялёным змеем. Трэба спортам займацца. Знаходзіць сябе ў жыцці. Кожны чалавек надзелены тым, што ён будзе любіць і што будзе прыносіць яму радасць, задавальненне і матэрыяльны прыбытак. Я так і жыву, па гэтым прынцыпе. Для мяне галоўнае — гэта стан шоку, экстазу, кайфу, а потым усё астатняе. Мой блізкі сябра, багаты чалавек, кажа: "Кожны чалавек атрымлівае тое, што заслугоўвае. Хочаш больш — уставай раней. Пашы больш. Усё ў руках чалавека". Але я прапісныя ісціны кажу”.