Аляксандра Герасіменя звярнулася да міжнароднай спартыўнай грамадскасці
Беларуская плыўчыха, прызёрка алімпійскіх гульняў Аляксандра Герасіменя звярнулася да міжнароднай спартыўнай грамадскасці і да спартсменаў. "Упершыню ў гісторыі суверэннай Беларусі наш народ масава пратэстуе супраць рэжыму дыктатуры, — піша яна на сваёй старонцы ў Facebook. — Мірныя пратэсты праходзяць па ўсёй краіне... Сёння мы абараняем ужо не толькі сваю свабоду і будучыню, гаворка ідзе пра жыццё і бяспеку нашых дзяцей".
Герасіменя дае жорсткія ацэнкі таму, што робяць улады Беларусі, піша пра затрыманні, збіццё, катаванні людзей. "Спартсменаў і работнікаў спартыўнай галіны прымушаюць маўчаць, — працягвае спартсменка. — За выказванне грамадзянскай пазіцыі, асуджэнне гвалту і палітычных рэпрэсій людзей звальняюць, на іх аказваецца ціск з боку кіраўніцтва. Спартсменаў выключаюць са складу нацыянальнай каманды...".
Аляксандра Герасіменя падкрэслівае, што "цяпер, як ніколі раней, для нас важная міжнародная салідарнасць". Таму яна заклікае спартсменаў з замежжа "гаварыць пра тое, што адбываецца цяпер у Беларусі".
Каб дапамагчы пацярпелым спартсменам, Герасіменя выставіла на аукцыён свой касцюм з цырымоніі ўзнагароджання на Алімпіядзе ў Рыа-2016 і фота з аўтографам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.