Амаль 14% беларускага экспарту "не даехала" да Казахстана
У "люстраной" статыстыцы не супадаюць аб'ёмы паставак і сумы / Еўрарадыё
Па звестках, якія наша краіна падала ў Еўразійскую эканамічную камісію (ЕЭК), за студзень — лістапад мінулага года Беларусь экспартавала ў Казахстан прадукцыі на $677 млн. За той жа перыяд Казахстан падаў звесткі аб імпарце з Беларусі на $582,4 млн. Выходзіць, $94,6 млн згубіліся дзесьці па дарозе?
Еўрарадыё даведалася, па якіх таварах ёсць разыходжанні і чые звесткі дакладныя. Аказалася, што па асобных пазіцыях у Казахстан нейкім чынам паступае нават больш тавараў, чым адпраўляе Беларусь. Ёсць і адрозненні ў цэнах.
Сыр і тварог
Згодна са звесткамі, якія беларускі бок падаў у ЕЭК, у студзені — лістападзе 2020 года ў Казахстан з'ехала 5,8 тысячы тон сыру і тварагу на суму $23,4 млн. Статыстыка Казахстана кажа, што за гэты перыяд імпартавана толькі 4,5 тысячы тон беларускага сыру і тварагу на суму $17,6 млн.
Ялавічына
Ялавічыны свежай або ахалоджанай адпраўлена 19 тысяч тон на $59,5 млн. Па звестках Казахстана, атрымана там толькі 10,8 тысячы тон коштам $34,4 млн.
Ялавічыны замарожанай Беларусь экспартавала ў Казахстан 5,9 тысячы тон на суму $17,6 млн. У звестках Казахстана толькі 5,5 тысячы тон на суму $16,5 млн.
Малако і вяршкі згушчаныя і сухія
Беларусь заяўляе аб экспарце 26,9 тысячы тон малака і вяршкоў згушчаных і сухіх у Казахстан. Атрымана за іх $58,4 млн. Справаздача аб імпарце гэтай пазіцыі Казахстанам з Беларусі гаворыць толькі пра 18,5 тысячы тон на суму $38,2 млн.
Маслёнка, ёгурт, кефір
Аказалася, беларуская прадукцыя па дарозе ў Казахстан не толькі губляецца, але і можа прырастаць. Так, маслёнкі, ёгурту і кефіру Беларусь экспартавала за студзень — лістапад мінулага года 2,6 тысячы тон на $4,3 млн. У колькасным выражэнні гэта ў 3 разы больш, чым за студзень — лістапад 2019 года.
Калі верыць звесткам Казахстана, то імпартавана за гэты ж час 3,1 тысячы тон беларускіх маслёнкі, ёгурту і кефіру. Заплачана за гэта $5,3 млн. Адзначаецца, што колькасны прырост у параўнанні са студзенем — лістападам 2019 года адбыўся ў 4,4 раза.
Кава
Цікавыя разыходжанні адбыліся і з экспартам-імпартам кавы. Калі параўнаць звесткі двух бакоў, то атрымаецца, што Казахстан імпартаваў больш кавы, чым заявіла Беларусь, прычым за меншую цану.
Так, па беларускай статыстыцы, экспартавана ў Казахстан 8 тон на $37,6 тысячы. Казахстан заяўляе пра імпарт 9 тон кавы з Беларусі за $36,3 тысячы.
Ну і варта ў прынцыпе абстрагавацца ад таго, што кава ў Беларусі не расце.
Збожжа злакаў апрацаванае
Ёсць дзіўныя адрозненні не толькі па кошце і аб'ёмах, але і ў параўнаннях з папярэднімі перыядамі. За справаздачны перыяд 2 тоны беларускага збожжа злакаў з'ехалі ў Казахстан. У справаздачы гаворыцца, што іх кошт склаў $998. Паведамляецца таксама, што аб'ём паставак аказаўся ў 8,4 раза большы, чым у студзені — лістападзе 2019 года.
У статыстыцы Казахстана пазначана 7 тон, якія каштуюць $8,8 тысячы. А ў колькасным выражэнні імпарт з Беларусі ўпаў, склаўшы толькі 49,2% да адпаведнага перыяду 2019 года.
Па беларускай статыстыцы цана 1 тоны складае каля $499, а па казахстанскай — $1256. А 2 тоны нейкім чынам ператварыліся ў 7 тон.
Як гэта тлумачаць чыноўнікі?
Еўрарадыё знайшло разыходжанні і па іншых групах тавараў. Прадстаўнік Дэпартамента статыстыкі Еўразійскай эканамічнай камісіі Аляксандр Мальгін кажа, што гэта тлумачыцца розніцай у метадалогіі падліку ў Беларусі і ў Казахстане. А звесткі правільныя і тыя, і другія.
— Разыходжанне "люстраных" звестак краін-партнёраў аб узаемным гандлі — аб'ектыўная з'ява, характэрная для большасці таварных патокаў у міжнародным гандлі, — кажа Мальгін.
Каб статыстыка ўзаемнага гандлю была верагоднай, упаўнаважаныя органы рэгулярна праводзяць двухбаковыя сустрэчы для "выяўлення прычын магчымых разыходжанняў і іх мінімізацыі", запэўніваюць у ЕЭК.
— Аналіз вынікаў супастаўленняў сведчыць аб эфектыўнай рабоце гэтага механізма.
Згодна з раздзелам ХІІІ "Забеспячэнне супастаўнасці звестак" Метадалогіі вядзення статыстыкі ўзаемнага гандлю таварамі дзяржаў — сябраў Еўразійскага эканамічнага саюза, прычыны разыходжанняў могуць быць розныя. У большасці з пунктаў гаворыцца пра асаблівасці ўліку, падыходаў і ацэнак. Ёсць таксама пункт, дзе гаворыцца пра недакладнасць звестак, якія змяшчаюцца ў крыніцах інфармацыі. Ёсць пункт аб прыватнасці інфармацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.