Amazon змагаецца з фэйкавымі пісьменнікамі, Іран — з правамі жанчын — #ІхНоравы

Самыя цікавыя міжнародныя навіны за дзень

Самыя цікавыя міжнародныя навіны за дзень / @euroradio

Праз кнігі, напісаныя штучным інтэлектам, Amazon змяняе правілы свайго сэрвісу. А ўлады Ірану працягваюць барацьбу са “ўсёдазволенасцю” жанчын. Пра гэта і не толькі — у нашым традыцыйным аглядзе міжнародных навін.

Amazon пачаў змагацца са штучным інтэлектам

Штучны інтэлект прымусіў Amazon абмежаваць продаж электронных кніг. У кампаніі сцвярджаюць, што гэтае абмежаванне паўплывае толькі на вельмі невялікую колькасць аўтараў.

Напярэдадні стала вядома, што на Amazon прадаюцца электронныя кнігі, створаныя з дапамогай штучнага інтэлекту. Каб спыніць распаўсюджванне кніжнага спаму, кампанія вырашыла ўвесці абмежаванні: цяпер за дзень карыстальнікі могуць самастойна апублікаваць не больш за тры кніг для продажу.

"Хоць мы не заўважылі рэзкага росту колькасці публікацый, каб абараніцца ад злоўжыванняў, мы зніжаем абмежаванні аб'ёму, якія дзейнічаюць для новых работ", – тлумачыць Amazon.

Раней у гэтым месяцы ў Amazon увялі новыя правілы і рэкамендацыі для кніг Kindle. З гэтага часу ў выпадках, калі кантэнт створаны штучным інтэлектам, аўтары павінны аб гэтым інфармаваць. А ў пачатку верасня кампанія аб'явіла, што будзе адсочваць выкарыстанне генератыўнага штучнага інтэлекту на сваёй платформе Kindle Direct Publishing.

Гэтыя новаўвядзенні з'явіліся пасля таго, як на сайце знайшлі кнігі, якія былі створаныя штучным інтэлектам і імітавалі працы сапраўдных аўтараў.

У жніўні The New York Times таксама апублікавала вялікае расследаванне, у якім пацвердзіла, што на Amazon прадаваліся кнігі, створаныя ШІ і апублікаваныя ад імя фэйкавых аўтараў са створанымі з дапамогай ШІ фота.

У Германіі мігрантаў стала зашмат

Германія сутыкнулася з цяжкасцямі ў прыняцці новых мігрантаў. Прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер заявіў у інтэрв'ю Corriere della Sera, што Італія і Германія нясуць цяжар міграцыйных патокаў. На яго думку, для вырашэння праблемы Еўропе патрэбнае справядлівае размеркаванне мігрантаў і ўзмацненне кантролю і нагляду на вонкавых межах.

Штайнмаер расказаў, што за першыя шэсць месяцаў гэтага года ФРГ атрымала 162 тысячы заяў аб прадастаўленні прытулку. Гэта складае траціну ад усіх заяў у ЕС.

"Акрамя таго, у нас цяпер больш за мільён бежанцаў з Украіны. Так што Германія, як і Італія, — на мяжы сваіх магчымасцяў. Урадам трэба дамовіцца аб пастаянным механізме салідарнасці, прымяненні Дублінскіх пагадненняў Італіяй і прыняцці новых бежанцаў у Германіі", — падкрэсліў прэзідэнт ФРГ.

Хто жыве на дне акіяна?

Брытанская інжынерная кампанія DEEP заявіла, што хоча, каб людзі маглі больш часу праводзіць пад вадой. Для гэтага навукоўцы распрацавалі модульнае жыллё, якое можа апусціцца на дно акіянаў ужо да 2027 года.

Кампанія жадае стварыць футурыстычныя модульныя пасяленні, якія дазволяць людзям жыць пад вадой на глыбіні да 200 метраў да 28 дзён за адно апусканне.

Перш за ўсё, яны будуць прадугледжаныя для вучоных, якія вывучаюць падводнае асяроддзе.

Amazon змагаецца з фэйкавымі пісьменнікамі, Іран — з правамі жанчын — #ІхНоравы
3D-візуалізацыя падводных модульных дамоў / iflscience.com

"Мы павінны захаваць акіяны. Для гэтага нам трэба іх зразумець. Яны з'яўляюцца крыніцай прынамсі кожнага другога нашага ўдыху. Яны ўплываюць на надвор'е. Яны ўплываюць на клімат. Яны ўплываюць на нас", — тлумачыць важнасць распрацоўкі прэзідэнт DEEP Стыў Этэртан.

Тэарэтычна модульнае памяшканне будзе сілкавацца ад крыніц "зялёнай энергетыкі" і будзе падключанае да спадарожнікавай сувязі. У кампаніі таксама сцвярджаюць, што распрацоўваюць буйны біярэактар, які зможа перапрацоўваць усе адкіды без неабходнасці рэгулярна апаражняць рэзервуары.

10 гадоў за адсутнасць хіджаба

Парламент Ірана прыняў законапраект, які прадугледжвае 10 гадоў турэмнага зняволення для жанчын за парушэнне ісламскага дрэс-кода. Многія іранкі адмаўляюцца пакрываць галаву з таго часу, як год таму краіну ахапілі пратэсты супраць самавольства ўладаў і паліцыі нораваў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі