Амбасадар Украіны ў Беларусі не падтрымлівае візавы рэжым паміж краінамі

Ігар Кізім / Еўрарадыё
Ігар Кізім / Еўрарадыё

На сёння ўвядзенне візавага рэжыму паміж Беларуссю і Украінай абалютна немэтазгоднае. Такое меркаванне выказаў амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім у інтэрв'ю Delfi.lt.

"Асабіста я не падтрымліваю такую ініцыятыву ў цяперашніх умовах", — заявіў дыпламат.

Як распавядала Еўрарадыё, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даручыў ураду вывучыць пытанне адмены бязвізавага рэжыму з Беларуссю. Падставай для гэтага стаў зварот грамадзян, пад якім падпісаліся каля 25 тысяч чалавек.

Кізім адзначае, што афіцыйны Мінск у адказ таксама скасуе бязвізавы рэжым, а гэта перашкодзіць украінскім грамадзянам, якія ўцякаюць з Расіі праз Беларусь. Па яго словах, праз Беларусь украінцам прасцей вяртацца дадому, бо тут да іх ставяцца больш лаяльна.

"Апроч таго не трэба забывацца, што ў нас шмат сваякоў жывуць у памежжы, яны вельмі звязаныя між сабой, і там нават быў спрошчаны рэжым перасячэння мяжы", — дадае дыпламат.

Раней Украіна адмяніла бязвізавы рэжым з Расіяй. Кізім прапаноўвае разрозніваць сітуацыі. "Я б не хацеў тут, ведаеце... маштабаваць або капіяваць тое, што мы маем з Расіяй. З Расіяй гэты крок быў абсалютна апраўданы, з Беларуссю я пакуль такой логікі не бачу на цяперашні момант", — кажа ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі