Амерыканскія дыпламаты з'ехалі з Беларусі
Супрацоўнікі амбасады ЗША, якія з'язджаюць з Беларусі / Амбасада ЗША
З амерыканскай амбасады ў Мінску ў ЗША з'язджаюць шэсць дыпламатаў. "Сёння другі раз за тры месяцы амерыканскія дыпламаты былі вымушаныя пакінуць Беларусь у сувязі з рашэннем рэжыму, якое выклікае шкадаванне, абмежаваць узаемадзеянне і дыялог", — такі пост размясціла ў сябе ў Фэйсбуку амбасада.
Як адзначана ў паведамленні, дыпламаты развітваюцца з беларускім народам, "у падтрымку дэмакратычных памкненняў якога яны працавалі. Хоць у Мінску, хоць дзесьці яшчэ амерыканскія дыпламаты працягнуць гэтую жыццёва важную працу".
Нагадаем, МЗС Беларусі адклікаў згоду на прызначэнне Джулі Фішэр паслом ЗША ў Мінску. Рашэнне выглядае тэхнічным, таму што нават пасля атрымання агрэмана ад Беларусі Фішэр не змагла ўехаць у краіну: ёй проста не давалі візу. Апошнія месяцы Фішэр знаходзіцца ў Вільні.
Таксама МЗС Беларусі прапанаваў ЗША да 1 верасня скараціць штат амбасады да пяці чалавек.
Злучаныя Штаты не прызналі афіцыйныя вынікі выбараў 2020 года, таму не прызнаюць і Аляксандра Лукашэнку легітымным кіраўніком Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.