Анатоль Лябедзька: Мы адразу планавалі зняцца з выбараў
Лідар АГП патлумачыў, чаму вырашыў адмаўляцца ад удзелу ў выбарах — незалежна ад колькасці сабраных подпісаў.
11 жніўня лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі і патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Анатоль Лябедзька публічна заявіў, што здымецца з кампаніі нават у тым выпадку, калі яго зарэгіструюць у якасці кандыдата. У каментары Еўрарадыё палітык паведаміў, што зрабіць так вырашылі адразу пасля пачатку выбараў:
Лябедзька: “Я аб гэтым гаварыў ўжо на другі дзень нашых пікетаў. Праўда, непублічна. Мы ў АГП ад самага пачатку абралі такую стратэгію — каб максімальна выкарыстаць выбарчыя магчымасці, пры гэтым мінімальна легітымізуючы выбары сваім удзелам. Раней не маглі аб гэтым гаварыць па зразумелых прычынах. Цяпер, на фінішнай прамой, ужо можна”.
Анатоль Лябедзька пры гэтым катэгарычна адмаўляе магчымасць зняць сваю кандыдатуру на карысць аднаго з зарэгістраваных кандыдатаў.